Цяпер цяжка адназначна рабіць высновы аб тым, што ў апошнія дні адбываецца ва ўсходніх і паўднёвых абласьцях Украіны і які бок мае перавага на полі бою, паколькі вайсковае кіраўніцтва абедзьвюх краін выдае вельмі абмежаваную інфармацыю пра баявыя дзеяньні, страты і пазыцыі бакоў.
Свабода сабрала ключавыя паведамленьні Расеі і Ўкраіны аб баявых дзеяньнях.
Расея спрабуе захапіць Харкаў, каб адкрыць шлях на поўдзень
Міністэрства абароны Расеі ў ноч на 11 красавіка паведаміла аб перакідваньні сіл і працягу маршаў на слабажанскім кірунку. Расейскія войскі, паводле афіцыйнага паведамленьня, правялі «манэўраны бой» у раёне Тапольскага Ізюмскага раёну Харкаўскай вобласьці. Пры гэтым Мінабароны Расеі прыводзіць цытату аднаго з камандзіраў танкавай роты Заходняй вайсковай акругі аб задачы «узяць населеныя пункты і забясьпечыць калідор для праходу расейскіх сіл далей на поўдзень». Камандзір расказаў, што калі яны «бралі населены пункт», украінскія жаўнеры нібыта здаваліся адразу, як толькі бачылі расейскую вайсковую тэхніку.
У зводцы Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны пра бой каля Тапольскага не паведамляюць. Паводле ўкраінскага штабу, расейцы спрабавалі наступаць у кірунках Даўгенькага і Дзьмітраўкі, але вымушаны былі адступіць на ранейшыя пазыцыі, а сілы 6-й агульнавайсковай арміі і берагавых войскаў паўночнага флёту Расеі працягваюць частковае блякаваньне і абстрэлы Харкава.
Харкаўская абласная адміністрацыя паведаміла, што за апошнія суткі расейскія войскі нанесьлі каля 66 удараў з артылерыі, мінамётаў і ракетных сыстэм. Пацярпелі Салтаўка, Пяціхаткі, Халодная Гара, Пісочын, Залачыў, Балаклія, Дзергачы. Загінулі 11 мірных жыхароў, у тым ліку 7-гадовае дзіця, і 14 атрымалі раненьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Чарнігаве ў выніку абстрэлаў расейскімі войскамі загінулі каля 700 грамадзян, 70 целаў ня могуць апазнацьУ Кіеве кажуць, што расейцы зьнішчылі аэрапорт у Дніпры, а ў Маскве — што ангар з С-300
Міністэрства абароны Расеі сьцьвярджае, што 10 красавіка ракетамі «Калібр» на поўдні Дніпра зьнішчылі ангар з чатырма комплексамі С-300, якія паставіла Кіеву «адна з эўрапейскіх краін».
Насамрэч у Дніпры расейцы цалкам зьнішчылі аэрапорт. Ад расейскіх абстрэлаў загінулі пяць ратавальнікаў. Паводле дарадцы Офісу прэзыдэнту Ўкраіны Аляксея Арастовіча, на Дніпро расейцы скінулі 10 ракет.
У паўднёвым горадзе Мікалаеў, як паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Кім, абстрэламі расейцы зьнішчылі два пустыя ангары, што належалі замежнаму прадпрыемству. Але расейскае Міністэрства абароны пераконвае, што ў тых ангарах знаходзіліся склады боепрыпасаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Мікалаеве ракетай зруйнавалі будынак абласной адміністрацыі. ФОТАРасейцы ня ведаюць, якія паселішчы бамбяць
У зводках вайсковых ведамстваў Расеі і Ўкраіны незалежна ад напрамкаў, дзе вядуцца баявыя дзеяньні, адзначаюць розныя населеныя пункты.
Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў ноч на 11 красавіка яе паветраныя сілы нанесьлі авіяўдары «па базе рамонту ўзбраеньня і супрацьпаветранай вайсковай тэхнікі ў паселішчы Вялікая Навасёлаўка». Але такога населенага пункту ва Ўкраіне няма. Ёсьць Вялікая Навасёлка ў Данецкай вобласьці. Там ёсьць прыватнае прадпрыемства па рамонце сельгастэхнікі. Само паселішча знаходзіцца за 90 км ад Данецку, а за 18 км ад яго праходзіць аўтадарога Данецк — Запарожжа.
Паводле ўкраінскага Генштабу, на данецкім кірунку расейцы не пакідаюць спробаў узяць пад кантроль населеныя пункты Папаснае, Рубежнае, Ніжняе і Новабахмутаўка. Расейскія сілы спрабавалі штурмаваць Залатое, але беспасьпяхова, як сьцьвярджае ўкраінскі бок.
Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што расейскія войскі працягваюць штурм у раёне заводу «Азоўсталь» і марскога порту Марыюпалю, выкарыстоўваючы артылерыю і авіяцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украінскі алігарх Ахметаў: Марыюпальскія мэталюргічныя прадпрыемствы ў акупацыі працаваць ня будуцьМарыюпаль — галоўная мішэнь расейцаў
Дарадца Офісу прэзыдэнту Ўкраіны Аляксей Арастовіч у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону заявіў, што галоўнай задачай украінскай арміі застаецца абарона Марыюпалю.
Паводле яго, на іншых кірунках — Кіеў, Запарожжа, Дніпро, — расейскія сілы ня змогуць весьці актыўных баявых дзеяньняў, паколькі на пачатку вайны Ўкраіна разграміла элітныя расейскія вайсковыя падразьдзяленьні, а цяпер Расея перамясьціла цэнтар сваёй увагі на ўсход і поўдзень.
«Галоўная стаўка (Расеі) — гэта канчаткова ўзяць Марыюпаль і атачэньне нашых войскаў у кірунку з Ізюму (Харкаўская вобласьць) у бок Дніпра і з Валнавахі (Данецкая вобласьць). Па-першае, ім на гэта ня хопіць сіл, а па-другое, пра гэта ведае вайскова-палітычнае кіраўніцтва краіны і робіць пэўныя захады», — патлумачыў Аляксей Арастовіч.
Паводле яго, тое, што Расея хоча і можа — гэта розныя рэчы. «Яны абвяшчаюць „напалеонаўскія пляны“ пра тое, як яны ўсё захопяць і разьдзеляць, але не выходзіць. З вайсковага пункту гледжаньня назапашаныя Расеяй рэзэрвы вельмі слабыя, па якасьці гэтая групоўка нашмат горшая, чым гэта было на пачатку вайны, і ня здольная выканаць такія заданьні», — дадаў дарадца Офісу прэзыдэнту Ўкраіны.
У той жа час Аляксей Арастовіч мяркуе, што Расея можа павялічыць ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. «Там вельмі шмат ракетнага ўзбраеньня, але на зямлі, я мяркую, мы справімся», — перакананы ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі ацаніў колькасьць ахвяраў у блякадным Марыюпалі ў дзясяткі тысяч чалавек. 47-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.