Латвія забараніла грамадзянам Расеі і Беларусі атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі. Эстонія будзе даваць ВНЖ толькі як выключэньне

Парлямэнт Латвіі забараніў расейскім і беларускім грамадзянам атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі ў эканоміку краіны. Папраўкі да закону «Аб іміграцыі» прынятыя аднагалосна. Пра гэта 7 красавіка піша інтэрнэт-выданьне Delfi.

Заканадаўства краіны дазваляе атрымліваць від на жыхарства ў ёй, напрыклад, за куплю нерухомасьці. Да сакавіка 2021 году праграмай скарысталіся каля 10 тысяч грамадзян Расеі. Расейцы складалі пераважную большасьць удзельнікаў праграмы атрыманьня «залатой візы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія працягне выдаваць беларусам гуманітарныя візы

Законапраект, прыняты латвійскім парлямэнтам, цалкам забараняе расейскім і беларускім грамадзянам атрымліваць першасныя віды на жыхарства да 30 чэрвеня 2023 году. Выключэньні будуць зробленыя для сямейнікаў грамадзян Эўразьвязу, рэзыдэнтаў Латвіі і іх пажылых бацькоў, а таксама для супрацоўнікаў кампаній і просьбітаў прытулку, якія перамясьціліся ў краіну.

Тэлеканал «Настоящее время» паведаміў, што Эстонія сьледам за Латвіяй перастала выдаваць новыя віды на жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі. Падаўжэнне ранейшага віду на жыхарства магчымае, таксама ва ўказе прапісаны выключэньні для атрыманьня дакумэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія адмяніла праграму выдачы «залатых візаў»

У лютым аб адмене праграмы выдачы «залатых візаў» паведаміла Вялікая Брытанія, дзе віды на жыхарства атрымлівалі многія расейскія мільярдэры і топ-мэнэджары. У 2020 годзе праграму закрыў папулярны сярод расейскіх бізнэсмэнаў Кіпр. У сакавіку Эўракамісія рэкамэндавала краінам ЭЗ адклікаць атрыманыя за інвэстыцыі пашпарты ў расейцаў, якія падпалі пад санкцыі, і поўнасьцю адмяніць такія праграмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіпр скасоўвае 45 пашпартоў, выдадзеных паводле схемы «грамадзянства за грошы»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прынамсі 19 беларусаў апошнім часам купілі кіпрскае грамадзянства. Чаму Кіпр скасаваў «залатыя пашпарты»