Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прынамсі 19 беларусаў апошнім часам купілі кіпрскае грамадзянства. Чаму Кіпр скасаваў «залатыя пашпарты»


На Кіпры абвясьцілі аб спыненьні так званай праграмы «залатых пашпартоў», якая дазваляла атрымаць грамадзянства Кіпру, краіны Эўразьвязу, уклаўшы ў кіпрскую эканоміку і нерухомасьць агулам два з паловай мільёны эўраў. Афіцыйная назва праграмы — «Грамадзянства ў абмен на інвэстыцыі».

Напярэдадні гэтага рашэньня ўладамі Кіпру катарскі тэлеканал Al Jazeera паказаў рэпартаж-расьсьледаваньне, у якім журналіст, які выдаваў сябе за кітайца з крымінальным мінулым, дамовіўся аб атрыманьні кіпрскага грамадзянства з дэпутатамі кіпрскага парлямэнту — уладальнікам будаўнічай карпарацыі, камуністам з партыі АКЭЛ Хрыстакісам Джаванісам і з старшынём парлямэнту Кіпру Дымітрысам Сылюрысам. «Прэтэндэнт на грамадзянства» не хаваў, што ў КНР яго вінавацяць у карупцыі і могуць адправіць у турму на доўгі тэрмін, а адвакат, які суправаджае ўгоду, абяцае вырашыць і праблему зьмены імя ў пашпарце, каб унікнуць далейшых перасьледаў. Здымкі вяліся схаванай камэрай.

Прэзыдэнт Кіпру Нікас Анастасіядыс распарадзіўся стварыць камісію для расьсьледаваньня фактаў з рэпартажу Al Jazeera. У Нікасіі прайшлі дэманстрацыі пратэсту супраць злоўжываньняў пры наданьні кіпрскага грамадзянства. Праграма «залатых пашпартоў» дзейнічала з 2002 году і прынесла ў дзяржаўны скарб мільярды даляраў.

Паводле выданьня EUobserver, якое спасылаецца на тэлеканал Al Jazeera, прынамсі 19 грамадзян Беларусі, у тым ліку бізнэсоўцы ды іхныя сем’і, купілі кіпрскія пашпарты з 2017 па 2019 год.

Кіпрскае выданьне Politis называе два прозьвішчы грамадзян Расеі, зьвязаных зь Беларусьсю, якія атрымалі «залатыя пашпарты» за інвэстыцыі з 2008 па 2012 год: Ігар Шаталаў (былы чалец рады дырэктараў «Белгазпрамбанку») і Ігар Макараў (ганаровы консул Беларусі ў Маскве).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG