Аляксей патлумачыў «Салідарнасьці», што рыхтаваўся да арышту загадзя, пытаньне было толькі ў тэрміне ці памеры штрафу. Таксама ён расказаў пра асаблiвасьцi ізалятару на Акрэсьцiна.
«Ніякіх ілюзій наконт таго, чым усё гэта скончыцца, не было з самага пачатку. Таму перадусім настроіўся псыхалягічна, адклаў грошай на жыцьцё сям’і, пераставіў у зручнае месца машыну, падабраў адзеньне і абутак — усё цёплае і без шнуркоў. І толькі потым пайшоў з плякатам „Не — вайне“ на адну са сталічных вуліц», — кажа Аляксей.
У пастарунку былі іншыя затрыманыя ў гэты дзень. Незалежна ад абставінаў затрыманьня, амаль усім выстаўлялі абвінавачаньні паводле «народнага» артыкулу 24.23 («парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). А ў пратаколах потым дапісвалі, што затрыманыя, апроч іншых парушэньняў, выкрыквалі лёзунг «Жыве Беларусь!». Таксама, як успамінае былы арыштаваны, зь некаторымі гутарыў чалавек, падобна, з КДБ, распытваў пра настроі і матывы, але «cупрацоўніцтва» не прапаноўваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Забіраюць з працы і вязуць на допыты». Незалежнаму прафсаюзу «Нафтану» пагражаюць ліквідацыяйНа чатыры месцы ў камэру закінулі 16 чалавек. Адчыніць вакно праз тоўстыя мэталічныя краты было немагчыма, і хутка зрабілася настолькі душна і вільготна, што па сьценах сьцякаў кандэнсат, паветра было нібы туман, а «вочка» запацявала. Празь дзень у такіх умовах некаторым рабілася млосна, давялося нават выклікаць мэдыка — той нічым не дапамог, але хаця б калідорны адчыніў «кармушку».
«Лепей за ўсіх перанесьлі гэтую і наступныя дзьве ночы тыя, хто спаў на падлозе. Асабліва зручным аказалася месца ля дзьвярэй, бо праз шчыліны задзімала хоць крышачку паветра. Далей мы гэтае месца называлі „санаторый“ альбо „кіслародная“».
Судзіць іх пачалі толькі празь дзень, праз скайп, і розьніца ў тэрмінах, паводле назіраньняў, залежала толькі ад таго, ці згаджаўся чалавек з пратаколам: так — 13 сутак, не — 15. Аляксей свайго пікету не адмаўляў і патлумачыў свой выхад:
«Так, стаяў з плякатам „Не — вайне“. У нас ідзе Год гістарычнай памяці? Яе шмат у мяне. З боку бацькі падчас ІІ усясьветнай вайны дзед загінуў у канцлягеры, дзядзьку (старэйшага брата бацькі) расстралялі за ўдзел у партызанскім руху. Браты бабулі загінулі ў Вугоршчыне і Расеі. Матчын айчым, які выхоўваў яе як уласную дачку (дарэчы, украінец па паходжаньні), ваяваў у партызанскім атрадзе на Гомельшчыне. Пасьля вайны быў паважаным чалавекам, яго фота нават захоўваецца ў музэі ў Менску. Таму я і выйшаў, бо мне баліць. Але хто там мяне слухаў, канешне...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хлёрка і пярцовы газ. Праваабаронцы сабралі сьведчаньні пра катаваньні асуджаных за антываенныя пратэстыРаніцой асуджаных этапавалі ў Жодзіна. 32 чалавекі на 20 «квадратаў» і 8 месцаў, ніякіх падушак і матрацаў, адсутнасьць рэчавых і харчовых перадач — «бо каранавірус».
«„Ці не зашмат нас тут?“ — пасьпеў запытаць нехта. На што пачуў, відаць, загадзя прапісаны ў мэтадычцы ахоўнікаў жарт: „Ну дык вы ж любіце масавыя мерапрыемствы“».
Падлога ў Жодзіне была керамічнай і, адпаведна, халоднай; лавы вузкія, на іх не пасьпіш, вада толькі халодная, цьмянае сьвятло ніколі не выключаецца, туалетнай паперы — рулён на 32 чалавекі.
«Карацей, зорак гэтаму „гатэлю“ я даў бы няшмат», — жартуе Аляксей.
«Прагулак не было, але адзін раз за два тыдні звадзілі ў душ, дзе большасьць пасьпела намокнуць, а колькі шчасьліўчыкаў памыцца. Неяк пару гадзін працавала радыёкропка, адкуль мы пасьпелі даведацца галоўнае: надвор’е, лік у гульні паміж „Шахтаром“ і „Віцебскам“ і санкцыі варожага Захаду супраць нашых мужных спартоўцаў», — дадае былы арыштант.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Пра вайну ва Ўкраіне ў турме ніхто не размаўляў, падобныя размовы жорстка спыняліся». Кіраўнік АГП Мікалай Казлоў пра тры месяцы арыштуВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.