Зяленскі пра Лукашэнку: «Мы бачым, што ён нейкія крокі рабіў, каб не ўступіць цалкам у вайну»

Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць, што Аляксандар Лукашэнка мусіць улічваць стаўленьне беларусаў да вайны ва Ўкраіне пры ажыцьцяўленьні сваёй палітыкі ў дачыненьні да Ўкраіны.

«Я спакойна стаўлюся... Якім бы ні быў лідэр у той ці іншай дзяржаве, ён павінен слухаць народ, які яго выбраў. Усё роўна ён ня можа праводзіць выключна сваю палітыку», — сказаў Уладзімір Зяленскі, камэнтуючы на просьбу журналістаў вынікі выбараў у Вугоршчыне.

У якасьці прыкладу ён прывёў Аляксандра Лукашэнку:

«Мы можам паглядзець на таго самага Лукашэнку. На жаль, такая сытуацыя, якая яна ёсьць паміж нашымі дзяржавамі. І, на жаль, ракеты ляцелі ад яго, і ён цудоўна пра гэта ведае і разумее. Але мы бачым, што ён нешта, нейкія крокі ён там рабіў, каб не ўступіць цалкам у вайну. Ня факт, што ён увойдзе, ня факт, што ня ўступіць. Мы гэтага ня ведаем да канца. Вайна не закончылася, але тым ня менш. Таму што яму трэба глядзець на свой народ», — сказаў Зяленскі.

«А народ Беларусі супраць вайны з Украінай. Дарэчы, калі параўноўваць статыстыку, трагічную, дарэчы, статыстыку народу Расейскай Фэдэрацыі і народу Беларусі, то вы можаце пабачыць, што стаўленьне Беларусі нашмат лепшае да ўкраінцаў, чым стаўленьне расейцаў. Гэта праўда», — дадаў украінскі прэзыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Расея, Украіна і Беларусь — тры бакі канфлікту». Што Зяленскі казаў з пачатку вайны пра Беларусь і Лукашэнку

Украіна ад пачатку расейскага ўварваньня ўвяла абмежаваньні ў банкаўскай сыстэме супраць грамадзян Беларусі, але так і не далучылася да міжнародных санкцый, уведзеных супраць Аляксандра Лукашэнкі і вайсковага кіраўніцтва Беларусі ўрадамі Вялікай Брытаніі, ЗША, Канады, Швайцарыі, Аўстраліі, Японіі, а таксама Эўрапейскім Зьвязам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейцы актывізаваліся на Данеччыне і Луганшчыне; ракета падарвала цыстэрну з азотам. 41-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Цяпер важна задакумэнтаваць усе злачынствы». Уладзімір Зяленскі наведаў Бучу