Wargaming, распрацоўнік гульняў World of Tanks, пакідае Расею і Беларусь

Штаб-кватэры Wargaming у Нікасіі, Кіпр

Кампанія-распрацоўніца гульняў Wargaming аб’явіла аб рашэньні спыніць дзейнасьць у Расеі і Беларусі.

«На працягу апошніх тыдняў Wargaming праводзіў стратэгічны аналіз бізнес-апэрацый па ўсім сьвеце. Кампанія вырашыла, што ня будзе валодаць або кіраваць бізнэсам у Расеі і Беларусі і пакіне абедзьве краіны», — гаворыцца ў паведамленьні.

З 31 сакавіка кампанія перадала гульнявы бізнэс у Расеі і Беларусі пад кіраваньне Lesta Studio, якая больш не зьвязаная з Wargaming. На працягу пераходнага пэрыяду дзейныя прадукты застануцца даступнымі ў Расеі і Беларусі і будуць кіравацца новым уладальнікам.

«Кампанія не атрымае прыбытку ад гэтага працэсу ні сёньня, ні ў будучыні. Наадварот, мы чакаем значных страт у выніку гэтага рашэньня», — заявілі ў кампаніі.

Кампанія Wargaming заснаваная ў Менску, а цяпер афіцыйна зарэгістраваная на Кіпры. У менскім офісе кампаніі працуюць некалькі тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Трэба ўсё ж такі разабрацца з IT-тэхналёгіямі, IT-паркамі і з гэтымі айцішнікамі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Добры выбар для хуткага пераезду, ня трэба візы і проста дабрацца». Чаму беларускія айцішнікі выбіраюць Узбэкістан