Ва Ўкраіне ствараюць спэцыяльны мэханізм расьсьледаваньня злачынстваў расейскіх акупантаў
Забітыя цывільныя людзі ў Бучы пад Кіевам. 3 красавіка 2022
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прапанаваў стварыць ва Ўкраіне спэцыяльны мэханізм правасудзьдзя для расьсьледаваньня і перасьледу ўсіх злачынстваў расейскіх войскаў на ўкраінскай тэрыторыі.
«Сутнасьць гэтага мэханізму — сумесная праца нацыянальных і міжнародных спэцыялістаў: сьледчых, пракурораў і судзьдзяў. Гэты мэханізм дапаможа Ўкраіне і сьвету прыцягнуць да адказнасьці тых, хто разьвязаў або якім-небудзь чынам удзельнічаў у гэтай страшнай вайне супраць украінскага народу і ў злачынствах супраць нашага народу», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў падзеі ў Бучы генацыдам украінскага народу.
З раёнаў Кіеўскай вобласьці, вызваленых з-пад кантролю расейскіх вайскоўцаў, вывезьлі трупы 410 загінулых мірных жыхароў, заявіла генпракурор Украіны Ірына Венядыктава. Паводле яе, за 1-3 красавіка судмэдэкспэрты агледзелі целы 140 нябожчыкаў. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах, пошук загінулых працягваецца.
Міністэрства абароны Расеі назвала шматлікія фота- і відэасьведчаньні гэтых забойстваў «правакацыяй» і «пастаноўкай».
Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд і міжнародныя арганізацыі як мага хутчэй накіраваць свае місіі ў Бучу і іншыя гарады і паселішчы Кіеўскай вобласьці, каб сабраць доказы ўчыненых расейцамі ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці.