Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН: «Поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй»
Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Эстонію 1 красавіка 2022 году
Сьвятала Ціханоўская заклікала бачыць розьніцу паміж рэжымам і беларусамі.
На канфэрэнцыі, якая праходзіць сёньня ў Таліне і падсумоўвае двухгадовае старшынства Эстоніі ў Радзе Бясьпекі ААН, Ціханоўская расказала, сярод іншага, пра ролю Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны. Цытаты з выступу прыводзіць прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай.
«Я не магу сказаць, што калі б у 2020 годзе перамагла дэмакратычная Беларусь, то вайны не было б. Але відавочна, што без Лукашэнкі ў Пуціна не было б такой вайсковай перавагі. У гэты момант поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай вайсковай акупацыяй. Выкарыстоўваецца для запуску ракет і самалётаў, каб днём і ноччу бамбіць мірныя ўкраінскія гарады. Беларусы да гэтага дакладна не былі падрыхтаваныя. Страх рэпрэсіяў дапаўняўся страхам вайны. Вулічныя пратэсты цяпер цяжка ўявіць: занадта высокі ўзровень рэпрэсіяў», — сказала Ціханоўская.
Дэмакратычная лідэрка падкрэсьліла, што сёньня пратэсты прыводзяць да масавых арыштаў, новых палітвязьняў і эміграцыі.
Пры гэтым Ціханоўская адзначыла, што дэмакратычны рух у Беларусі ператварыўся ў антываенны рух, які расьце з кожным днём.
«Хакеры і партызаны сабатуюць чыгункі. Актывісты зьбіраюць інфармацыю аб перамяшчэньні расейскіх войскаў, што дапамагае ўкраінскаму боку рэагаваць. Разьвітая сетка самвыдавецтва — падпольных газэт, якія растлумачваюць праўду пра вайну. СМІ маюць вялікі ўплыў на грамадзкую думку, і зараз нашым прыярытэтам ёсьць разьвіцьцё альтэрнатыўных каналаў камунікацыі».
Ціханоўская сказала, што, у адрозьненьне ад Расіі, сярод беларусаў няма публічнай падтрымкі вайны.
«Вы ня ўбачыце стадыёнаў людзей са знакамі Z ці V. Паводле зьвестак Chatham House, усяго 3% беларусаў падтрымліваюць наш ваенны ўдзел у вайне на баку Расеі».
Сьвятлана Ціханоўская заклікала разумець і бачыць розьніцу паміж рэжымам і беларусамі.
«Мы павінны ўнікаць сытуацыяў, калі тыя, хто змагаецца з рэжымам і дапамагае Украіне, аказваюцца ў ізаляцыі ці цярпяць ад дыскрымінацыі праз свой пашпарт», — сказала яна.