Украінская і расейская дэлегацыі пачалі перамовы раніцай 29 сакавіка ў турэцкім Стамбуле. Гэта першая сустрэча за апошнія больш чым за два тыдні. Перамовы плянуюцца на тры дні.
ШТО АДБЫВАЕЦЦА СЁНЬНЯ:
Перамовы ў Стамбуле, контратакі ўкраінцаў пад Кіевам і Крывым Рогам, ракетны напад на Мікалаеў. 34-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныШто сказалі прадстаўнікі Ўкраіны
Кіраўнік украінскай дэлегацыі на перамовах у Турэччыне Давід Арахамія заявіў аб перадачы Расеі праекту пагадненьня аб міжнародных гарантыях бясьпекі для краіны і спыненьні вайны на ўкраінскай тэрыторыі. Праект прадугледжвае
- Міжнароднае пагадненьне аб гарантыях бясьпекі для Украіны «падобна артыкулу 5 NATO, але яшчэ больш жорсткае». Сярод краін-гарантаў – Вялікабрытанія, Кітай, Расія, ЗША, Францыя, Турцыя, Германія, Канада, Італія, Польшча, Ізраіль.
- Гарантыі міжнароднай бясьпекі часова не будуць дзейнічаць на тэрыторыі АРДЛО і акупаванага Крыма.
- Краіны-гарантыі павінны не толькі не пярэчыць супраць далучэньня Ўкраіны да Эўразьвязу, але і дапамагаць у гэтым.
- Калі ключавыя палажэньні ў дамове могуць быць замацаваныя, Украіна можа замацаваць свой цяперашні статус пазаблёкавай бязьядзернай дзяржавы ў форме пастаяннага нэйтралітэту.
- Плянуецца рэфэрэндум, на якім украінцы выкажуць сваю пазыцыю адносна гэтага пагадненьня. Пасьля яго – ратыфікацыя пагадненьня парлямэнтамі краін-гарантаў і парлямэнтам Украіны.
- Прапануецца правесьці перамовы аб статусе Крыма і Севастопаля на працягу 15 гадоў. На працягу гэтага часу Украіна і Расея ня будуць выкарыстоўваць ваенную сілу для вырашэньня гэтага пытаньня.
- Пытаньні АРДЛА вынесены ў асобны пункт, які будуць разглядацца прэзыдэнтамі Ўкраіны і Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Стамбуле пачаліся перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай. Эрдаган зьвярнуўся да дэлегацыяў: «Усе чакаюць добрай весткі»«Мы настойваем, каб гэта было міжнароднае пагадненьне, якое падпішуць усе гаранты бясьпекі, яно будзе ратыфікавацца парлямэнтамі, каб не паўтараць памылку з Будапэшцкім мэмарандумам», — заявіў Давід Арахамія.
«Краіны-гаранты будуць, паводле аналягу артыкулу 5 пагадненьня NATO, але мэханізм актывацыі больш жорсткі, бо ў NATO няма абмежаваньняў, колькі яны могуць праводзіць кансультацыі, — калі нешта адбылося, то абмеркаваньне можа працягвацца і год. Мы кажам аб трох днях на кансультацыі, і калі гэта вайна, агрэсія ці вайсковая апэрацыя, то краіны-гаранты маюць юрыдычны абавязак надаць нам дапамогу — зброю, сілы, узбраеньнем, закрыць неба — усё тое, чаго нам зараз так не хапае», — сказаў ён.
Ён удакладніў, што гарантамі бясьпекі Ўкраіны прапанавалі выступіць чальцам Рады Бясьпекі ААН — Вялікай Брытаніі, Кітаю, ЗША, Францыі, Турэччыне, Нямеччыне, Канадзе, Італіі, Ізраілю. «Сябрам Рады Бясьпекі ААН ёсьць і Расея, але гэта асобны момант», — дадаў Давід Арахамія.
Пакуль, паводле яго, за межамі гэтага пагадненьня застаюцца Крым і Севастопаль, а таксама часова акупаваныя тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласьцей. У праекце дакумэнту таксама прадугледжана, што ўсе краіны-гаранты не аспрэчваюць інтэграцыю Ўкраіну ў Эўразьвяз і нават гэтаму дапамагаюць.
У сваю чаргу ўкраінскі дыплямат Аляксандар Чалы, які ўзначальвае юрыдычную групу дэлегацыі Ўкраіны, падкрэсьліў, што гэтае пагадненьне — шлях да міру і аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласьці.
«Калі нам удасца замацаваць усе абавязкі гарантаў, а для нас гэта прынцыповае патрабаваньне, то Ўкраіна фактычна зафіксуе свой сёньняшні статус пазаблёкавай і бязьядзернай дзяржавай у форме сталага нэўтралітэту, што гістарычна ўжо зафіксавана ў нашай дэклярацыі аб сувэрэнітэце, ухваленай 14 ліпеня 1990 году», — заявіў Аляксандар Чалы.
У прыватнасьці, паводле яго, гэта азначае, што Ўкраіна ня будзе разьмяшчаць замежныя вайсковыя базы і кантынгенты, а таксама ня будзе ўступаць у вайскова-палітычныя зьвязы.«Вайсковыя вучэньні будуць адбывацца са згоды краін-гарантаў. Але прынцыпова будзе палажэньне, што ніхто ня будзе выступаць супраць уступу ў Эўразьвяз», — дадаў ён.
Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк адзначыў, што Крым уключаны ў асобны пункт дагавору, у якім прапануецца зафіксаваць пазыцыю Ўкраіны і Расеі цягам 15 гадоў праводзіць двухбаковыя перамовы аб статусе Крыму і Севастопаля.
«Асобным пунктам мы прапануем Расеі наступнае: што Ўкраіна і Расея ня будуць цягам часу, пакуль будуць праводзіцца перамовы, выкарыстоўваць вайсковыя сілы, каб вырашыць пытаньне Крыму», — патлумачыў Міхайла Падаляк.
На думку лідэра крымскататарскага народу Ўкраіны Мустафы Джэмілева, такая фармулёўка наконт Крыму фактычна азначае прызнаньне Расеяй факту акупацыі Крыму.
«Адпаведна з Жэнэўскай канвэнцыяй 1949 году аб статусе акупаваных тэрыторый, на акупаванай тэрыторыі Крыму павінна дзейнічаць украінскае заканадаўства. Гэта для нас вельмі важна», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
FT: Расея больш не патрабуе падчас перамоваў «дэнацыфікацыі» ЎкраіныШто сказалі прадстаўнікі Расеі
Кіраўнік расейскай дэлегацыі Ўладзімір Мядзінскі заявіў, што:
- Расея ня супраць уваходжаньня Ўкраіны ў Эўразьвяз.
- Украіна адмаўляецца ад імкненьня вярнуць Крым і Данбас ваенным шляхам.
- Кіеў абяцае адмовіцца ад уступленьня ў ваенныя саюзы.
- Прапановы Кіева прадугледжваюць абвяшчэньне Ўкраіны пастаянна нэўтральнай дзяржавай пад міжнародна-прававымі гарантыямі.
- Прапановы Ўкраіны — канструктыўны крок па накірунку да кампрамісу, Расея іх разгледзіць.
- Сустрэча Пуціна і Зяленскага магчымая адначасова з парафаваньнем дамовы Расеі і Украіны на ўзроўні МЗС, дадаў Мядзінскі.
Пасьля перамоваў у Стамбуле паміж расейскай і ўкраінскай дэлегацыямі намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандар Фамін падчас падыходу да прэсы абвясьціў пра рашэньне Масквы «кардынальна скараціць баявыя дзеяньні на кіеўскім і чарнігаўскім кірунках».
«У сувязі з тым, што перамовы па падрыхтоўцы дамовы аб нэўтралітэце і бязьядзерным статусе Украіны, а таксама аб прадастаўленьні Ўкраіне гарантый бясьпекі пераходзяць у практычную плоскасьць, з улікам абмеркаваных у ходзе сёньняшняй сустрэчы прынцыпаў міністэрствам абароны РФ у мэтах павышэньня ўзаемнага даверу і стварэньня неабходных умоў для далейшага вядзеньня перамоваў дасягненьня канчатковай мэты ўзгадненьня і падпісаньня вышэйузгаданай дамовы прынята рашэньне кардынальна ў разы скараціць ваенную актыўнасьць на Кіеўскім і Чарнігаўскім напрамку.
Зыходзім з таго, што ў Кіеве будуць прыняты адпаведныя асноўныя рашэньні і павінны быць створаны ўмовы для далейшай нармальнай працы», — сказаў намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандар Фамін.
Ён таксама заклікаў Украіну строга выконваць Жэнэўскую канвэнцыю, у тым ліку, у кантэксьце гуманнага абыходжаньня ў адносінах да ваеннапалонных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскае міністэрства абароны паведаміла аб «скарачэньні актыўнасьці» пад КіевамГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
FT: Расея больш не патрабуе падчас перамоваў «дэнацыфікацыі» Ўкраіны