У Стамбуле пачаліся перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай. Эрдаган зьвярнуўся да дэлегацыяў: «Усе чакаюць добрай весткі»

Перамовы дэлегацыяў Украіны і Расеі. Выступае прэзыдэнт Турэччыны Эрдаган. Стамбул, 29 сакавіка

За апошнія паўмесяца гэта першая сустрэча сам-насам паміж украінскай і расейскай дэлегацыямі. Перад пачаткам перамоваў да іх удзельнікаў зьвярнуўся прэзыдэнт Турэччыны Эрдаган.

Украінскую дэлегацыю ўзначальвае міністар абароны Аляксей Рэзьнікаў. Расейскую дэлегацыю — дарадца Пуціна Ўладзімір Мядзінскі.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган разьлічвае, што дэлегацыі Ўкраіны і Расеі на перамовах у Турэччыне змогуць знайсьці рашэньне, якое «верне працэс у праўнае рэчышча».

Прэзыдэнт Эрдаган

«Усе чакаюць ад вас добрай весткі», — сказаў Рэджэп Таіп Эрдаган, зьвяртаючыся да ўкраінскай і расейскай дэлегацыяў, якія прыбылі ў Турэччыну для перамоваў аб завяршэньні вайны.

«Я веру, што вы не пабаіцеся ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. Мы не адыграем ролі ў самім працэсе, але спрабуем забясьпечыць вам усё магчымае для працягу перамоўнага працэсу. Мы ўпэўненыя, што рашэньні, якія будуць ухваленыя, забясьпечаць мір. Адказнасьць за гэта ляжыць на нас», — заявіў прэзыдэнт Турэччыны.

Дэлегацыі Ўкраіны і Расеі вітаюць прэзыдэнта Эрдагана

Эрдаган дадаў, што Турэччына «гатовая забясьпечыць гасьціннасьць» дэлегацыям: «З вамі цяпер зьвязана чаканьне. Я зычу, каб перамовы далі пазытыўны вынік», — дадаў ён. Прэзыдэнт Турэччыны таксама перадаў прывітаньні «лідэрам абедзьвюх краін», якія зьяўляюцца для яго сябрамі.

ТАСС паведаміў, што расейскі мільярдэр Раман Абрамовіч таксама ў Стамбуле.

«Праграмай-мінімум будуць гуманітарныя пытаньні, а праграмай-максымум — дасягненьне дамоўленасьці аб спыненьні агню», — заявіў кіраўнік украінскага МЗС Дзьмітро Кулеба ў этэры нацыянальнай тэлевізіі, падкрэсьліўшы, што Ўкраіна «не гандлюе людзьмі, зямлёй ці сувэрэнітэтам».

Высокапастаўлены прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША напярэдадні перамоваў заявіў у інтэрвію агенцтву Reuters на ўмовах ананімнасьці, што «Пуцін, здаецца, не гатовы ісьці на кампрамісы дзеля спыненьня вайны».

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў зазначыў, што перамовы пакуль не прывялі да якіх-небудзь істотных прарываў, але важна, каб яны працягнуліся ў асабістым фармаце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

FT: Расея больш не патрабуе падчас перамоваў «дэнацыфікацыі» Ўкраіны

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага Расея і Ўкраіна правялі 5 раўндаў перамоваў, 2 зь іх у відэафармаце. Апошнія перамовы расейскай і ўкраінскай дэлегацый сам-насам былі 7 сакавіка. Акрамя таго, 10 сакавіка кіраўнікі расейскага і ўкраінскага МЗС сустракаліся ў турэцкай Антальлі ў рамках дыпляматычнага форуму.

Тады Ўкраіна абвінаваціла Сяргея Лаўрова ў ігнараваньні заклікаў абмеркаваць спыненьне агню, а Лаўроў заявіў, што спыненьне баявых дзеяньняў нават не стаіць на парадку дня.

З таго часу Ўкраіна і Расея правялі перамовы празь відэасувязь і публічна абмеркавалі формулу, паводле якой Украіна магла б прыняць нейкі фармальны нэўтральны статус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Bellingcat: У Рамана Абрамовіча і яшчэ двух удзельнікаў перамоваў Расея-Ўкраіна зьявіліся сымптомы хімічнага атручэньня

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.