Байдэн заявіў, што ЗША ня маюць плянаў зьмены кіраўніцтва Расеі

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн пракамэнтаваў свае словы аб тым, што Пуцін ня можа заставацца ва ўладзе. Байдэн заявіў, што ягоныя словы былі не афіцыйнай палітычнай пазыцыяй ЗША, а выказваньнем асабістага абурэньня.

«Я не забіраю назад ніводнага слова. Я выказваў маральнае абурэньне паводзінамі Пуціна і дзеяньнямі гэтага чалавека. Я ні тады, ні цяпер не гаварыў аб зьменах у палітыцы. Я не прашу прабачэньня за свае словы», — сказаў Байдэн.

26 сакавіка Джо Байдэн заявіў падчас выступу ў Варшаве, што Пуцін ня можа заставацца ва ўладзе. Пазьней дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў аб нязьменнасьці афіцыйнай палітыкі Злучаных Штатаў і аб тым, што Вашынгтон не прытрымліваецца стратэгіі зьмены рэжыму ў Расеі ці нейкай іншай краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн зьвярнуўся да расейцаў: Успомніце 1940-я гады ў Расеі. Менавіта такі жах прынесла ва Ўкраіну расейская армія