«У расейскіх салдатаў абмаражэньні, не хапае намётаў і зімовай уніформы». Заснавальнік CIT пра першы месяц вайны ва Ўкраіне
Падбітая расейская баявая машына дэсанту БМД-2 і забітыя вайскоўцы ў Гастомелі ў Кіеўскай вобласьці
Заснавальнік міжнароднай дасьледчай групы Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў у інтэрвію расейскаму відэаблогеру Майклу Накі адказаў на пытаньні пра першы месяц ваенных дзеяньняў пасьля расейскага нападу на Ўкраіну.
Тая лінія фронту, якую мы бачым цяпер (а таксама тое, якія гарады падкантрольныя расейскім сілам ці заблякаваныя), склалася прыкладна за першы тыдзень вайны.
Апошнія тры тыдні пераважна ідуць пазыцыйныя баі. Гэта ўжо поўнамаштабная зацяжная вайна.
Нават нашыя кансэрватыўныя ацэнкі стратаў загінулымі расейскіх вайскоўцаў ужо параўнальныя з абедзьвюма чачэнскімі кампаніямі. Паводле афіцыйных зьвестак, з боку фэдэральных сілаў у першай чачэнскай вайне было забіта каля 4100 чалавек, а ў другой — каля 4400 чалавек.
Нашая цяперашняя ацэнка колькасьці забітых расейскіх вайскоўцаў — як мінімум 3 тысячы, але імаверна, што іх больш.
Галоўная праблема расейскіх сілаў у цяперашняй зацяжной вайне — гэта забесьпячэньне. Не хапае харчоў і паліва.
Асаблівыя праблемы маюць сілы расейскай Нацыянальнай гвардыі. Яна прызначаная не для вядзеньня войнаў, а для разгону пратэстаў у гарадах, і яны ня маюць паўнавартаснага тылу, у адрозьненьне ад вайскоўцаў.
Салдатаў тэрміновай службы цяпер у асноўным не выкарыстоўваюць у ваенных дзеяньнях, але трымаюць на мяжы з Украінай.
Мы атрымліваем інфармацыю ад расейскіх салдатаў, што многія маюць абмаражэньні, бо на ўсіх не хапае намётаў і зімовай уніформы.
Немагчыма зразумець, ці ёсьць адзіны камандуючы ўсёй расейскай апэрацыяй. Відавочна, што ёсьць камандзіры асобных кірункаў: «Поўдзень» — наступ з Крыму, «Поўнач» — наступ у Кіеўскай вобласьці. Але выглядае, што яны слаба каардынуюцца між сабой, а каардынацыя паміж родамі войскаў таксама слабая. Гэта прыводзіць да таго, што асобныя падразьдзяленьні часам кідаюць у бой без прыкрыцьця.
Кірунак «Поўдзень» быў найбольш пасьпяховы для расейскіх сілаў. Там яны прасунуліся да цяперашніх пазыцый даволі хутка безь вялікіх стратаў. Так, там ёсьць «эфэкт Чарнабаеўкі», дзе ўвесь час нішчаць расейскую тэхніку і асабовы склад, але ў маштабах усёй групоўкі, якая наступае з поўдня, гэта не такая вялікая частка.
Кірунак «Чарнігаў і Сумы» — адзін з найменш пасьпяховых. Там расейскія войскі ўвесь час трацілі сілы, танкі і асабовы склад. Гэта адзін з найцяжэйшых кірункаў, бо там доўгая лінія забесьпячэньня.