«Пакуль што мы ведаем аб зьнішчэньні як мінімум аднаго архіву — у Чарнігаве згарэла архіўнае падразьдзяленьне Службы бясьпекі Ўкраіны, гэта дакумэнты, якія датычаць рэпрэсій савецкага рэжыму супраць украінцаў», — паведаміў Анатоль Хромаў 25 сакавіка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.
Паводле яго, у Харкаве таксама пашкодзілі некалькі будынкаў, дзе захоўваліся архіўныя дакумэнты. «Але дакумэнты там ацалелі», — дадаў ён.
«Пакуль што мы ня ведаем, што адбываецца зь некалькімі архіўнымі аддзеламі ў раённых дзяржаўных адміністрацыях на часова акупаваных тэрыторыях. На жаль, няма дакладных зьвестак пра стан памяшканьняў, а таксама пра лёс архівістаў, якія там заставаліся», — падкрэсьліў кіраўнік Дзяржаўнай архіўнай службы Ўкраіны.
Анатоль Хромаў дадаў, што пасьля вызваленьня гэтых раёнаў ад акупацыі давядзецца праводзіць рэвізію архіўных дакумэнтаў — што зь іх захавалася, а што — не.
«Рызыкі заўсёды ёсьць. Гэта сталая практыка Расеі, бо яны ж не ўпершыню крадуць нашыя дакумэнты — гэта адбывалася і ў часы Расейскай імпэрыі, і ў савецкія часы, калі вывозілі дакумэнты з Украіны. Таксама гэта адбылося і ў 2014 годзе, калі архівы Крыму, украінскія архівы, абвясьцілі часткай расейскага архіву, насуперак усім правілам», — дадаў ён.
Анатоль Хромаў адзначыў, што Расея выкарыстоўвае архівы ў сваёй прапагандзе.
«Вы паглядзіце, цяпер кіраўнік Расейскага архіву, паказваючы нейкія дакумэнты, спрабуе пацьвердзіць „гістарычную справядлівасьць“ агрэсіўнай вайны Расеі, зьняпраўджваючы існаваньне Ўкраіны гэтымі выдумкамі пра стварэньне Ўкраіны Леніным. Яны проста выбіраюць асобныя дакумэнты, не выкарыстоўваючы крытыку крыніц, расказваюць, што ўсё гэта правільна», — патлумачыў кіраўнік Дзяржаўнай архіўнай службы Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Стала вядома, як украінцы зьнішчылі расейскі карабель у акупаваным порце БярдзянскуРасейцы зьнішчаюць украінскую гістарычную літаратуру
Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што расейскія войскі пачалі зьнішчаць украінскую літаратуру і падручнікі па гісторыі ў Луганскай, Данецкай, Чарнігаўскай і Сумскай вобласьці.
«Акупанты маюць цэлы пералік забароненых да згадваньня імёнаў, сярод якіх Мазэпа, Пятлюра, Бандэра, Шухевіч, Чарнавол. В гарадах Крамянной, Рубежным (Луганская вобласьць), Гарадні (Чарнігаўская вобласьць) вядомыя выпадкі, калі забіралі кнігі „Справа Васіля Стуса“ Вахтанга Кіпіяні», — адзначаецца ў паведамленьні выведкі.
Паводле выведнікаў, кнігі зьнішчаюць на месцы або вывозяць у невядомым кірунку.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.