Генэральная асамблея ААН зноў запатрабавала спыніць вайну ва Ўкраіне. І зноў за Расею былі чатыры краіны

Заля Генэральнай асамблеі ААН, 2 сакавіка 2022

Генэральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю з патрабаваньнем абароны мірнага насельніцтва і грамадзянскай інфраструктуры Ўкраіны, а таксама неадкладнага спыненьня вайны ў гэтай краіне.

Ухвалены ў чацьвер, 24 сакавіка, Генэральнай асамблеяй дакумэнт ня мае юрыдычна абавязковай сілы і мае толькі рэкамэндацыйны характар.

У падтрымку рэзалюцыі прагаласавалі 140 краін са 193. Чатыры краіны — Сырыя, Беларусь, КНДР і Эрытрэя — разам з Расеяй выказаліся «супраць», 38 краін устрымаліся.

Рэзалюцыя зьмяшчае патрабаваньне неадкладнага спыненьня варожых дзеяньняў Расеі ў адносінах да Ўкраіны, у прыватнасьці нападаў супраць цывільнага насельніцтва. У дакумэнце гаворыцца аб неабходнасьці абароны мірных грамадзян, мэдычнага пэрсаналу, супрацоўнікаў гуманітарных арганізацый, а таксама журналістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Чарнабаеўцы 10-ы раз абстралялі расейскія войскі; новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі. 30-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Тэкст зьмяшчае рэзкую крытыку на адрас Расеі за стварэньне «жахлівай» гуманітарнай сытуацыі пасьля пачатку ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну месяц таму.

У падобнай рэзалюцыі, якую Генэральная асамблея ўхваліла ў пачатку сакавіка, таксама зьмяшчалася патрабаваньне да Расеі спыніць прымяненьне сілы ва Ўкраіне. Тады дакумэнт падтрымала 141 краіна, а супраць выказаліся тыя ж дзяржавы, што і 24 сакавіка.

Украіна і краіны Захаду абвінавачваюць Маскву ў нявыбарачных атаках супраць грамадзянскага насельніцтва і ўдарах па такіх аб’ектах, як шпіталі і сховішчы.