За месяц вайны ва Ўкраіне загінулі 5 журналістаў, яшчэ 7 было паранена
Амэрыканскі журналіст Брэнт Рэно (Brent Renaud), які загінуў у Кіеўскай вобласьці
Расейскія войскі ўчынілі 148 злачынстваў супраць журналістаў і мэдыя ва Ўкраіне за месяц вайны, гаворыцца ў паведамленьні Інстытуту масавай інфармацыі (ІМІ).
«Па стане на 24 сакавіка пяцёх журналістаў забілі падчас выкананьня прафэсійных абавязкаў, сямёра параненыя, адзін журналіст прапаў бязь вестак. ІМІ вядома пра сама меней шэсьць выпадкаў захопу журналістаў расейцамі ў закладнікі і жорсткага абыходжаньня зь імі.
Акупанты абстралялі 10 тэлевежаў, якія зьяўляюцца цывільнымі аб'ектамі, што пацягнула за сабой поўнае або часовае зьнікненьне тэлевізійнага і радыёвяшчаньня ў васьмі рэгіёнах Украіны.
Акрамя таго, ня менш за 70 рэгіянальных мэдыя вымушаныя былі спыніць працу праз пагрозы з боку расейскіх акупантаў, захоп імі рэдакцый, немагчымасьць працаваць ва ўмовах часовай акупацыі, адсутнасьць магчымасьцяў для друку і распаўсюду», – гаворыцца ў паведамленьні.
Інстытут масавай інфармацыі паказвае, што ўсе сьмерці журналістаў зафіксаваныя ў Кіеве і прыгарадах.
За 28 дзён пасьля пачатку вайны загінулі:
Яўген Сакун, апэратар тэлеканала LIVE (загінуў 1 сакавіка падчас расійскага ракетнага абстрэлу тэлевежы ў Кіеве);
Брэнт Рэно, былы карэспандэнт The New York Times (расстраляны расейцамі 13 сакавіка ў Ірпяні на блёкпасту);
Пʼер Закжэўскі, апэратар тэлеканала Fox News, грамадзянін Ірляндыі (загінуў 14 сакавіка падчас артылерыйскіх абстрэлаў расейскімі войскамі ў вёсцы Горанка Кіеўскай вобласьці).
Аляксандра Куўшынава, украінская фіксэрка, журналістка (загінула 14 сакавіка разам з Пʼерам Закжэўскім у вёсцы Горанка Кіеўскай вобласьці).
Аксана Бауліна, журналістка расейскага The Insider, Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага (загінула 23 сакавіка пад расейскім абстрэлам у Кіеве падчас выкананьня рэдакцыйнага заданьня).
Акрамя таго, невядомая доля фотакарэспандэнта Максіма Левіна, які асьвятляў баявыя падзеі пад Кіевам і прапаў 13 сакавіка.
Сярод параненых ёсьць і журналіст Радыё Свабода Марʼян Кушнір, які пацярпеў 11 сакавіка пры ўдары расейскіх войскаў на Кіеўшчыне – у яго кантузія.