Белы дом стварыў сакрэтную групу на выпадак прымяненьня Расеяй хімічнай і ядзернай зброі
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абмяркуе новыя пагрозы Расеі на пазачарговым саміце NATO 24 сакавіка ў Брусэлі
Прэзыдэнт Байдэн і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг раней заявілі аб прыкметах, якія паказваюць, што Расея рыхтуецца прымяніць ва Ўкраіне хімічную зброю.
Белы дом стварыў сакрэтную рабочую групу, якая распрацоўвае магчымыя сцэнары паводзін Уладзіміра Пуціна і захады NATO ў адказ на выпадак, калі Расея выкарыстае зброю масавага паражэння: хімічную, бактэрыялягічную або ядзерную, піша газэта New York Times.
Так званая «каманда тыграў», куды ўваходзяць спэцыялісты ў нацыянальнай бясьпецы, з 28 лютага праводзіць імітацыйныя вучэньні, каб адпрацаваць магчымыя захады ў адказ.
Са слоў неназваных крыніц газэты, група таксама прапрацоўвае рэакцыю на выпадак атакі Пуціна на тэрыторыю NATO, напрыклад калі расейскія войскі пачнуць абстрэльваць калёны, якія дастаўляюць зброю і дапамогу Ўкраіне з краін NATO.
Каманда, якая сустракаецца тры разы на тыдзень, таксама вывучае гатоўнасьць Расеі напасьці на суседнія краіны, у тым ліку Малдову і Грузію.
Усяго месяц таму такія сцэнары здаваліся хутчэй гіпатэтычнымі, піша газэта. Але сёньня і Белы дом, і штаб-кватэра NATO ўсьвядомілі, што Расея можа ўзяцца за самую магутную зброю ў сваім арсэнале, каб выбрацца з ваеннага тупіка.
23 сакавіка і прэзыдэнт Байдэн, і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявілі аб росьце ліку прыкмет, якія паказваюць на тое, што Расея рыхтуецца прымяніць ва Ўкраіне хімічную зброю.
Чакаецца, што магчымыя сцэнары разьвіцьця падзей лідэры краін NATO абмяркуюць 24 сакавіка на пазачарговым саміце ў Брусэлі, куды прыедзе прэзыдэнт Джо Байдэн.