ЗША: Расейскія вайскоўцы ўчынілі ваенныя злачынствы ва Ўкраіне

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен

Расейскія вайскоўцы ўчынілі ваенныя злачынствы падчас свайго ўварваньня ва Ўкраіну, заявіў 23 сакавіка дзяржсакратар Энтані Блінкен.

«Сёньня я магу абвясьціць, што, зыходзячы зь бягучай інфармацыі, урад ЗША лічыць, што расейскія вайскоўцы ўчынілі ваенныя злачынствы ва Ўкраіне», — гаворыцца ў заяве Блінкена.

«Наша ацэнка заснаваная на дбайным аналізе даступнай інфармацыі з урадавых і разьведвальных крыніц», — сказаў Блінкен.

Раней, 16 сакавіка, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна «ваенным злачынцам», што выклікала гнеўную рэакцыю Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Чарнобылі зьнішчылі аналітычную лябараторыю, у Чарнігаве — мост празь Дзясну. 28-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Раней амэрыканскія, эўрапейскія і ўкраінскія вайскоўцы неаднаразова паказвалі на ваенныя злачынствы, апісваючы паводзіны расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне.

Акрамя таго, сам Блінкен раней называў атакі Расеі на Ўкраіну «ваеннымі злачынствамі», але гэта першая афіцыйная заява ўладаў ЗША, дзе даецца менавіта такая ацэнка дзеяньняў расейскіх войскаў.