Украінскае войска заявіла, што атачыла расейцаў у Ірпяні пад Кіевам, у баях бярэ ўдзел беларускі батальён імя Каліноўскага

Беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага

Мясцовыя ўлады паведамляюць, што многія акупаваныя вёскі пад Кіевам знаходзяцца на мяжы гуманітарнай катастрофы.

Паводле «Ўкраінскай праўды», Узброеныя сілы Ўкраіны атачылі раней захопленыя расейцамі гарады Ірпень і Буча і пасёлак Гастомель пад Кіевам. Пры гэтым расейцы працягваюць абстрэлы прыгарадаў Кіева.

Як паведаміла ў Фэйсбуку Бучанская гарадзкая рада: «Макараў, Буча, Ірпень, Дзьмітраў застаюцца пад пастаянным агнём праціўніка, у Дзьмітраве — рух праціўніка, абстрэлы навакольных вёсак. Ірпень, Буча, Гастомель узятыя ў кальцо Ўзброенымі сіламі Ўкраіны».

Бучанская рада паведамляе, што многія акупаваныя вёскі — на мяжы гуманітарнай катастрофы: складаная сытуацыя зь ежай, лекамі, сродкамі гігіены, дзіцячым харчаваньнем. Расейскія салдаты ўрываюцца ў дамы, шукаюць ежу і алькаголь, рабуюць, расстрэльваюць сабак, забіваюць жывёл.

Як стала вядома Свабодзе, у баях за Ірпень браў удзел беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага. Фатаздымак з баёў зьявіўся ў тэлеграм-канале батальёна імя Кастуся Каліноўскага.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта будзе армія, якая пазьней вызваліць Беларусь». Былы беларускі АМАПавец стаў добраахвотнікам ва Ўкраіне