Польшча і краіны Балтыі заклікалі Эўразьвяз забараніць правоз беларускіх і расейскіх грузаў у Эўропе

Гэтага ж дамагаюцца ўкраінскія і польскія актывісты, якія два разы блякавалі пераход «Кукурыкі — Казловічы» на польска-беларускай мяжы.

Міністры транспарту краін Балтыі і Польшчы выступілі з заклікам да ЭЗ забараніць перавозку грузаў аўтамабільным транспартам у Расею і Беларусь, а таксама правоз грузаў з гэтых краін, паведамляе Deutsche Welle.

«Кожны дзень Расея зьдзяйсьняе новыя ваенныя злачынствы супраць мірных жыхароў Украіны. Мы тэрмінова павінны гэта спыніць. Разам зь міністрамі транспарту Латвіі, Эстоніі і Польшчы мы заклікаем да дадатковых захадаў ЭЗ, каб неадкладна забараніць расейскія і беларускія грузавыя перавозкі аўтамабільным і марскім транспартам», — заявіў у твітэры міністар транспарту Літвы Марус Скуодзіс.

Па яго словах, ён падпісаў супольны зварот кіраўнікоў транспартных ведамстваў чатырох краін напярэдадні саміту ЭЗ у Бруселі.

Два тыдні запар праходзілі акцыі пратэсту на памежным пункце «Кукурыкі — Казловічы» на польска-беларускай мяжы. Актывісты не прапускалі фуры з таварамі ў Беларусь.

Украінцы і беларусы Польшчы патрабуюць прыпыніць пропуск расейскіх і беларускіх грузавікоў, пакуль Расея ня спыніць ваенных дзеяньняў. Чарга з фур дасягала 50 кілямэтраў, польскія кіроўцы спрабавалі правакаваць актывістаў, каб сарваць блякаду.

Сярод актывістаў, што блякуюць праезд расейскіх фураў, пераважаюць украінцы, ёсьць таксама беларусы і палякі. Удзень і ўначы на блякадзе стаяла каля 100-150 людзей. Два разы пасьля некалькіх дзён блякады яе спыняла польская паліцыя. Актывісты лічаць, што Эўразьвяз павінен перастаць гандляваць з Расеяй і такім чынам спансаваць вайну ва Ўкраіне.

Першыя пратэсты адбыліся на памежным пераходзе «Кукурыкі — Казловічы» 12 сакавіка. Яны не былі ўзгодненыя з польскімі ўладамі і скончыліся тым, што паліцыя вывела пратэстоўцаў за межы пункту мытнага афармленьня грузавікоў. Наступная акцыя адбылася 19-20 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Паліцыя прыпыніла блякаду фураў на польска-беларускай мяжы

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.