Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла, што Расея спрабуе схіліць беларускіх вайскоўцаў да ўдзелу ў вайне з Украінай хаця б не ў складзе Узброеных сіл Беларусі.
Паводле ўкраінскай выведкі, афіцэры расейскіх спэцслужбаў вывучаюць маральна-псыхалягічны стан беларускіх вайскоўцаў і праводзяць «індывідуальныя гутаркі» з шараговым складам.
У прыватнасьці, за выкананьне спэцыяльных заданьняў беларусам нібыта прапануюць 1000-1500 даляраў грашовага забесьпячэньня ў месяц, а таксама льготнае навучаньне ў расейскіх вайсковых ВНУ, напрыклад у Разанскім паветрана-дэсантным камандным вучылішчы.
Украінская выведка сьцьвярджае, што такія «індывідуальныя гутаркі» адбываліся ў падразьдзяленьнях 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі Узброеных сіл Беларусі і ў Гомельскай памежнай групе.
«Тым ня менш у беларускіх вайскоўцаў вельмі нізкі ўзровень матывацыі да ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Тыя, хто даў згоду, выключаюцца са сьпісаў асабістага складу сваіх падразьдзяленьняў для працягу службы па-за межамі Ўзброеных сіл Беларусі», — адзначаецца ў паведамленьні.
Паводле выведкі, цяпер у вышэйшым вайскова-палітычным кіраўніцтве Беларусі адбываюцца спрэчкі наконт магчымасьці ўдзелу ў ваенных дзеяньнях ва Ўкраіне.
«Пераважную большасьць асабовага складу, які адмаўляецца ўдзельнічаць у так званай „спэцапэрацыі“, правяраюць на сувязь з апазыцыяй. Неляяльных да Расейскай Фэдэрацыі камандзіраў мяняюць».
Незалежнага пацьвярджэньня гэтай інфарамцыі пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як са спадарожніка выглядаюць Чарнігаў, Марыюпаль і Кіеў пасьля расейскіх бамбаваньняў. ФОТАГенштаб Расеі: «Зачышчаем ад нацыяналістаў»
Міністэрства абароны Расеі 23 сакавіка заявіла, што працягвае зьнішчаць падразьдзяленьні 5-й мэханізаванай брыгады Ўзброеных сіл Украіны.
Гэтым расейскі бок фактычна пацьвердзіў паведамленьні Генэральнага штабу Ўкраіны аб канцэнтрацыі намаганьняў расейцаў прарвацца на ўсходзе Ўкраіны, дзе ім дапамагае групоўка гэтак званай «ДНР». Менавіта яна, паводле расейскага Міністэрства абароны, «завяршыла зачыстку ад нацыяналістаў у населеным пункце Верхнетарэцкае» (Данецкая вобласьць).
Расея таксама афіцыйна прызнала, што робіць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў «высокадакладнай зброяй вялікай далёкасьці марскога базаваньня». У ноч на 23 сакавіка такімі ракетамі абстралялі ваколіцу горада Роўна, дзе «зьнішчаны вялікі арсэнал са зброяй і вайсковай тэхнікай украінскіх войскаў, у тымі ліку і тых, якімі дапамаглі замежныя краіны».
Расея пераконвае, што за апошнія суткі абстралялі «97 аб’ектаў вайсковай інфраструктуры Ўкраіны». Асаблівым гонарам для расейскіх войскаў, як вынікае з афіцыйных паведамленьняў, зьяўляецца зьнішчэньне турэцкіх бесьпілётнікаў «Байрактар».
Пры гэтым расейскі бок увогуле не паведамляе пра абстрэлы жылых будынкаў, шпіталяў і школ, а таксама пра тое, што адбываецца зь іхнымі войскамі на кіеўскім напрамку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як жыве ў аблозе расейскіх войскаў Чарнігаў, дзе разбурылі галоўны мост па трасе на КіеўГенэральны штаб Украіны: трымаем абарону
22 сакавіка ўкраінскі бок заявіў аб вяртаньні кантролю над Макаравам на Кіеўшчыне, а 23 сакавіка — аб аднаўленьні дзейнасьці паліцыі і органаў мясцовых органаў улады ў Ірпяні. Гэтыя два гарады вельмі моцна пацярпелі ад абстрэлаў і ад марадэрства расейскіх вайскоўцаў — зьнішчаны жыльлёвы сэктар і інфраструктура.
Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка паведаміў, што цяпер адбываюцца зачысткі ад дывэрсантаў і аказваецца дапамога мясцовым жыхарам, якія дагэтуль застаюцца ў горадзе.
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што трымае абарону на ўсходнім, паўднёва-ўсходнім і паўночна-ўсходнім кірунках.
Украінскія войскі не дазваляюць расейцам аднавіць наступ на ўсходзе ў раёне Славянску (Данецкая вобласьць) і Лазавой (Харкаўская вобласьць), а таксама стрымліваюць прасоўваньне расейскіх войскаў у напрамку Запарожжа. Аналягічна — у раёне Малына Жытомірскай вобласьці, Мікалаева і Мікалаеўскай вобласьці, у Чарнігаве, Крывым Рогу.
Расейцы мэтанакіравана абстрэльваюць жылыя будынкі і інфраструктуру — сувязь, склады з харчовымі прадуктамі і гандлёвыя цэнтры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як вайна разбурае інтэграцыю постсавецкай прасторыЯк паведамляюць пра страты
Штодзённа ўкраінскі бок паведамляе пра страты расейскай арміі, а расейскі — пра страты ўкраінскай арміі. Праверыць сапраўднасьць гэтых лічбаў немагчыма.
Паводле Міністэрства абароны Расеі, украінская армія страціла 184 самалёты і верталёты, 246 бесьпілётнікаў, 189 зэнітных ракетных комплексаў, 1 558 танкаў, 156 установак рэактыўнай сыстэмы залпавага агню.
Паводле ўкраінскага Генштабу, расейская армія засталася без 135 самалётаў і верталётаў, 42 бесьпілётнікаў, 247 артылерыйскіх сыстэм і зэнітных ракетных комплексаў, бяз больш як 2 000 танкаў і баявых браняваных машын.
Невядома і дакладная колькасьць стратаў у жывой сіле. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раней заяўляў, што ў баях загінулі 1 300 вайскоўцаў. З таго часу гэтыя зьвесткі не абнаўляліся.
Расея толькі 2 сакавіка паведаміла, што ва Ўкраіне загінулі 498 вайскоўцаў. На падставе адкрытых крыніц расейскія СМІ пацьвердзілі імёны 557 загінулых.
Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна 23 сакавіка адмовіўся ўдакладніць гэтыя лічбы. «Калі Мінабароны палічыць патрэбным, яно дасьць новую інфармацыю аб стратах у расейскіх Узброеных сілах падчас спэцапэрацыі ва Ўкраіне, — сказаў Дзьмітрый Пяскоў.
Ва Ўкраіне заяўляюць, што ад пачатку агрэсіі Расея страціла больш за 15 600 вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Вайны няма», а вэтэраны ёсьць. У Расеі ўхвалілі закон аб удзельніках «спэцапэрацыі ва Ўкраіне»Ва Ўкраіне прагназуюць зьніжэньне актыўнасьці баявых дзеяньняў
Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч прагназуе цягам месяца зьніжэньне інтэнсіўнасьці баявых дзеяньняў.
«Канец красавіка — пачатак траўня. Мяркую, што гэта будзе такая прамежкавая перамога, калі мы зразумеем, што мы іх б’ём і яны ламаюцца. Магчыма, гэта ня будзе азначаць спыненьня баявых дзеяньняў, але ўсім будзе зразумела, што гэта канец іхным ваенным намаганьням», — мяркуе Аляксей Арастовіч.
Уладзімір Пуцін 16 сакавіка назваў «пасьпяховымі дзеяньні расейскай арміі ва Ўкраіне» і заявіў, што «спэцапэрацыя» ідзе паводле пляну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украінскі алігарх Ахметаў: Марыюпальскія мэталюргічныя прадпрыемствы ў акупацыі працаваць ня будуць«Вайна зайшла ў глухі кут»
Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны прыйшлі да высновы, што расейская кампанія ўварваньня не дасягнула плянаваных мэтаў.
«Вайна ў большай частцы тэатру ваенных дзеяньняў заходзіць у глухі кут. Але вайна ня скончылася і, хутчэй за ўсё, хутка ня скончыцца. Таксама пакуль незразумелы вынік вайны: могуць выйграць расейцы, могуць выйграць украінцы, вайна можа распаўсюдзіцца на іншыя краіны або можа ператварыцца ў больш маштабную вэрсію сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, якая існавала з 2014 году да пачатку ўварваньня Расеі ў лютым 2022 году. Тым ня менш правал першапачатковай ваеннай кампаніі Расеі азначае важны пералом. Захад павінен працягваць пастаўляць Украіне зброю, неабходную для барацьбы, але цяпер ён таксама павінен рэзка пашырыць сваю дапамогу, каб дапамагчы захаваць Украіну як краіну нават ва ўмовах глухога кута».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Чарнобылі зьнішчылі аналітычную лябараторыю, у Чарнігаве — мост празь Дзясну. 28-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.