«Вайны няма», а вэтэраны ёсьць. У Расеі ўхвалілі закон аб удзельніках «спэцапэрацыі ва Ўкраіне»

Палонныя расейскія вайскоўцы ва Ўкраіне. Кіеў, 19 сакавіка

Дзярждума Расеі прыняла закон аб прызнаньні расейскіх вайскоцаў, якія напалі на Ўкраіну, вэтэранамі ваенных дзеяньняў.

Дэпутаты Дзяржаўнай думы Расеі прынялі законапраект за адно паседжаньне адразу ў трох чытаньнях.

Афіцыйна ўлады Расеі называюць ўварваньне ва Украіну «спэцапэрацыяй па дэнацыфікацыі» і адмаўляюцца называць падзеі уварваньнем або вайной, караючы тых, хто называе гэтую агрэсію з тысячамі ахвяраў, руйнаваньнямі і мільёнамі ўцекачоў вайной.

«Нашы салдаты і афіцэры мужна выконваюць свой абавязак, абараняюць бясьпеку краіны і нашых грамадзян», — заявіў старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін.

Законапраект быў унесены партыяй «Адзіная Расея» 22 сакавіка. Профільны камітэт аднагалосна ўхваліў дакумэнт раніцай 23 сакавіка.

Сакратар генэральнага савета «Адзінай Расеі» Андрэй Турчак адзначаў, што законапраект распрацаваны «ў цесным кантакце з Мінабароны РФ».

Паводле яго слоў, дзеяньне дакумэнту распаўсюджваецца на дзясяткі тысяч вайскоўцаў, супрацоўнікаў Расгвардыі і іншых праваахоўных органаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сьледчы камітэт Расеі пачаў крымінальную справу супраць журналіста Няўзорава