МЗС Украіны: КДБ Беларусі назвала шпіёнамі тых, хто працаваў адкрыта і сотні разоў сустракаўся з афіцыйнымі асобамі

Амбасада Ўкраіны ў Менску

Міністэрства замежных спраў Украіны адрэагавала на заявы Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Беларусі аб нібыта «шпіёнах», якія працавалі ў пасольстве Ўкраіны.

Як адзначыў сьпікер МЗС Украіны Алег Нікаленка, Беларусь запісала ў шпіёны работнікаў пасольства, якія да поўнамаштабнага ўварваньня сотні разоў сустракаліся з афіцыйнымі асобамі краіны і былі афіцыйнымі прадстаўнікамі розных украінскіх ведамстваў – у тым ліку Міністэрства абароны і Службы бясьпекі. Паводле яго, такую дзейнасьць наўрад ці можна назваць «пад прыкрыцьцём».

«Разьлічваем, што канчатковай мэтай гэтай правакацыі не зьяўляецца ўзмацненьне антыўкраінскай гістэрыі ў Беларусі, каб апраўдаць падтрымку ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны», – цытуе Нікаленку ўкраінскае агенцтва «Уніан».

Таксама Нікаленка зазначыў, што МЗС пакідае за сабой права на адказ на такія недружалюбныя дзеяньні Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон: Пакуль няма прыкмет, што беларускія войскі рыхтуюцца ўвайсьці на тэрыторыю Ўкраіны

Раней сёньня прадстаўнік КДБ РБ заявіў, што супрацоўнікі амбасады Ўкраіны ў Беларусі ажыцьцяўлялі агентурную выведку, робячы спробы сфармаваць разгалінаваную сетку інфарматараў зь ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама асабіста зьбіралі выведную інфармацыю, у тым ліку ў дачыненьні да беларускіх вайсковых аб’ектаў.

«На працягу апошніх гадоў фіксавалася актыўная выведная дзейнасьць з пазыцыі амбасады Ўкраіны ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама консульства гэтай дзяржавы ў горадзе Берасьці», — цытуе БелТА намесьніка начальніка Сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанціна Бычака.

Бычак таксама паведаміў, што «ў дзеяньнях асобных украінскіх дыпляматаў ёсьць прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкулам 358 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (шпіянаж). Аднак у адпаведнасьці з арт.31 Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах названыя асобы карыстаюцца імунітэтам ад крымінальнай юрысдыкцыі дзяржавы знаходжаньня».

Бычак заявіў, што ягоным ведамствам «прынятыя вычарпальныя меры па скоўваньні разьведдзейнасьці праціўніка і ліквідацыі рэзыдэнтуры, якая дзейнічала пад дыпляматычным прыкрыцьцём».

КДБ таксама абвінаваціў у працы на спэцслужбы Ўкраіны журналіста Дзяніса Івашына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ заявіў, што «ліквідаваў рэзыдэнтуру» Ўкраіны, і абвінаваціў журналіста Івашына ў шпіянажы

Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году за «ўмяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў». Івашын валянтэрыў як рэдактар сайта міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьці InformNapalm, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Новы час». Ён сядзіць у СІЗА турмы № 1 у Горадні.

Івашын вядомы сваімі расьсьледаваньнямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі.

Некалькі дзён таму супрацоўнікі амбасады Беларусі ў Кіеве пакінулі тэрыторыю Ўкраіны. З 27 лютага ў амбасадзе не адказваў ніводзін тэлефон — ні гарадзкі, зь якога раней сакратарка магла пераключыць на дыпляматаў, ні мабільны тэлефон консула, службовы абавязак якога — дапамагаць грамадзянам Беларусі, якія трапілі ў надзвычайную сытуацыю ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палымянае прывітаньне і 30 срэбранікаў». Кіеў апублікаваў запіс ад’езду амбасадара Беларусі з Украіны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.