Праз блякаваньне мяжы на пераходзе «Кукурыкі» ў Беларусь заехала 14 фур з 1200 магчымых

Пратэст на мяжы

Працягваецца акцыя пратэсту на памежным пункце «Кукурыкі — Казловічы» на польска-беларускай мяжы. Актывісты не прапускаюць фуры з таварамі ў Беларусь.

З прычыны блякаваньня актывістамі польска-беларускай мяжы на памежным пераходзе «Кукурыкі — Казловічы» за 24 гадзіны на тэрыторыю Беларусі заехала толькі 14 фур пры прапускной здольнасьці ў 1200 машын.

Пра гэта паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі. Ведамства абвінавачвае польскі бок у тым, што ён не перашкаджае актывістам блякаваць рух грузавога транспарту.

Украінцы і беларусы Польшчы патрабуюць прыпыніць пропуск расейскіх і беларускіх грузавікоў, пакуль Расея ня спыніць ваенных дзеяньняў.

Чарга з фур дасягнула 50 кілямэтраў, паведамляе чытачка Свабоды. Паводле яе, польскія кіроўцы спрабавалі правакаваць актывістаў, каб сарваць блякаду.

Сярод актывістаў, што блякуюць праезд расейскіх фураў, пераважаюць украінцы, ёсьць таксама беларусы і палякі. Паводле яе, удзень і ўначы на блякадзе стаіць каля 100-150 людзей. Актывісты лічаць, што Эўразьвяз павінен перастаць гандляваць з Расеяй і такім чынам спансаваць вайну ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ды я сам супраць вайны!» Што беларускія дальнабойшчыкі гавораць украінцам на заблякаваным пункце пропуску Казловічы. ВІДЭА

Першыя пратэсты адбыліся на памежным пераходзе «Кукурыкі — Казловічы» 12 сакавіка. Яны не былі ўзгодненыя з польскімі ўладамі і скончыліся тым, што паліцыя вывела пратэстоўцаў за межы пункту мытнага афармленьня грузавікоў. Наступная акцыя адбылася 19-20 сакавіка.