«Ды я сам супраць вайны!» Што беларускія дальнабойшчыкі гавораць украінцам на заблякаваным пункце пропуску Казловічы. ВІДЭА

З 20 сакавіка з Польшчы ў Беларусь праз пункт пропуску «Кукурыкі-Казловічы» праехалі толькі 47 фур пры прапускной здольнасьці 1200 грузавікоў.

Украінскія, польскія і беларускія актывісты другія выходныя запар блякуюць самы буйны мытны пункт пропуску на польска-беларускай мяжы. Чэргі з фур дасягаюць 20 кілямэтраў.

Першыя пратэсты адбыліся на памежным пераходзе «Кукурыкі-Казловічы» 12 сакавіка. Яны не былі ўзгодненыя з польскімі ўладамі і скончыліся тым, што паліцыя вывела пратэстоўцаў за межы пункту мытнага афармленьня грузавікоў. Наступная акцыя адбылася 19-20 сакавіка.

Улады Польшчы дазволілі пратэстоўцам на двое сутак заблякаваць пераход, выключэньне рабілі толькі для фур, якія перавозілі жывёлаў. На пратэст сабралася каля 250 чалавек, пераважна палякі і ўкраінцы.

Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што перад польскім пунктам пропуску «Кукурыкі-Казловічы» «група грамадзян працягвае незаконна блякаваць рух грузавога транспарту, які ідзе ў Беларусь і Расею. З 20 сакавіка з Польшчы ў Беларусь праз гэта пункт пропуску праехалі толькі 47 фур пры прапускной здольнасьці 1200 грузавікоў.

У выніку чарга на выезд з Польшчы на гэтым напрамку расьцягнулася на дзясяткі кілямэтраў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінцы і палякі заблякавалі на польска-беларускай мяжы рух грузавікоў з нумарамі Расеі і Беларусі