Аб гэтым піша Reuters.
Суразмоўцы агенцтва распавялі, што ў лютым ЗША абмяркоўвалі з турэцкімі саюзьнікамі магчымасьць перадачы Ўкраіне комплексаў С-300 і С-400 расейскай вытворчасьці, але ніякіх канкрэтных запытаў не было.
Крыніцы Reuters адзначаюць, што Анкара, хутчэй за ўсё, адмовіцца ад паставак з прычыны магчымых тэхнічных праблемаў з пастаўкамі і нэгатыўнай рэакцыі з боку Масквы.
Турэцкія ўлады паведамленьне Reuters не пракамэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Блінкен: Ня бачу прыкмет, што Пуцін гатовы спыніццаМасква і Анкара заключылі кантракт на пастаўку С-400 у 2017 годзе. Турцыя стала першай краінай NATO, якая набыла гэтыя сыстэмы. Вашынгтон неаднаразова прасіў Анкару пазбавіцца ад расейскага ўзбраеньня. Турэччына ў адказ заявіла, што саюзьнікі не змаглі даць ёй ракетныя комплексы на прымальных умовах.
Reuters адзначае, што ЗША выкарыстоўваюць неафіцыйныя перамовы з Турэччынай аб пастаўцы ўзбраеньня Ўкраіне ў тым ліку для паляпшэньня адносінаў паміж Вашынгтонам і Анкарой. Акрамя таго, гэтыя крокі дэманструюць імкненьне Белага дому адказаць на заклік Кіева абараніць неба над Украінай.
Сёньня ж кіраўнік МЗС Турэччыны паведаміў, што прэзыдэнт краіны Рэджэп Эрдаган зможа стаць пасярэднікам сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага, калі расейскі і ўкраінскі бакі ўзгодняць такія перамовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Закрыйце неба над Украінай!» Уладзімір Зяленскі выступіў перад Кангрэсам ЗША. ВІДЭАУ нядаўнім відэавыступе перад Кангрэсам ЗША прэзыдэнт Украіны Зяленскі чарговым разам заклікаў закрыць неба над Украінай або паставіць Кіеву сыстэмы супрацьпаветранай абароны С-300 і авіяцыю. Тэлеканал CNN са спасылкай на крыніцы паведамляў, што краіны NATO накіравалі Украіне савецкія сыстэмы СПА з дыяпазонам вышыні меншым, чым у С-300, але здольныя зьбіваць крылатыя ракеты.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.