Былыя прэм’ер-міністры Вялікай Брытаніі Гордан Браўн і сэр Джон Мэйджар, а таксама іншыя брытанскія палітыкі, юрысты, навукоўцы і грамадзкія дзеячы настойваюць на стварэньні новага міжнароднага трыбуналу для расьсьледаваньня дзеяньняў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і яго атачэньня, зьвязаных з расейскім узброеным уварваньнем ва Ўкраіну.
На дадзены момант пад пэтыцыяй у інтэрнэце сабрана больш за 780 тысяч подпісаў, дакумэнт адкрыты для падпісаньня людзям з усяго сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Джо Байдэн назваў Уладзіміра Пуціна «крывавым дыктатарам» і «бандытам»Міжнародны крымінальны суд цяпер ужо вядзе расьсьледаваньне супраць Пуціна паводле падазрэньня ў ваенных злачынствах ва Ўкраіне, аднак яго магчымасьці, як адзначае ВВС, абмежаваныя: прыцягнуць каго-небудзь да адказнасьці будзе немагчыма бяз санкцыі Рады бясьпекі ААН, а Масква напэўна накладзе вета на любую падобную рэзалюцыю.
Якім чынам мог бы функцыянаваць трыбунал, які прапануюць стварыць брытанскія палітыкі, пакуль незразумела. Нюрнбэрскі трыбунал быў створаны пасьля безумоўнай капітуляцыі Нямеччыны ва ўмовах акупацыі саюзьнікамі яе тэрыторыі.
Раней на гэтым тыдні прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў Пуціна «ваенным злачынцам». Гордан Браўн пагадзіўся з гэтай ацэнкай, адзначыўшы, што Расея, мяркуючы па ўсім, нявыбарчна бамбіць ва Ўкраіне грамадзянскіх асоб, што ўяўляе сабой ваеннае злачынства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Каля 100 экспэртаў па Ўсходняй Эўропе заклікалі ўзмацніць жорсткасьць курсу адносна РасеіВа Украіне за тры тыдні баявых дзеяньняў разбураны мноства жылых дамоў і іншых грамадзянскіх аб’ектаў, загінулі сотні мірных жыхароў. Пры гэтым Міністэрства абароны Расеі сьцьвярджае, што наносіць удары толькі па вайсковых аб’ектах, а ўкраінскіх вайскоўцаў абвінавачвае ў тым, што тыя выкарыстоўваюць мірных жыхароў як «жывы шчыт».
Яшчэ адзін былы брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмэран напярэдадні напісаў у сацсетках, што вязе ў Польшчу гуманітарную дапамогу для бежанцаў з Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Новыя абстрэлы на Сумшчыне, баі на Усходзе Ўкраіны, Зяленскі заклікаў Расею не зацягваць перамовы. 24-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныДзеючы прэм’ер Борыс Джонсан у суботу, выступаючы перад актывам Кансэрватыўнай партыі, сказаў, што нават у выпадку завяршэньня расейскай агрэсіі ня трэба «нармалізаваць» адносіны з Уладзімірам Пуціным. Паводле словаў Джонсана, слабая рэакцыя Захаду на расейскую анэксію Крыму ў 2014 годзе толькі падштурхнула Пуціна на новыя агрэсіўныя дзеяньні. Пры гэтым Джонсан выказаў сумневы ў тым, што расейскі прэзыдэнт у нейкай агляднай будучыні можа быць зьняты са сваёй пасады.
Брытанія з пачатку канфлікту займае жорсткую пазыцыю адносна дзеяньняў Масквы, увёўшы мноства санкцый, у тым ліку супраць расейскіх бізнэсоўцаў, якія жывуць або раней жылі ў Лёндане, уключаючы Рамана Абрамовіча, а таксама пастаўляючы Ўкраіне зброю. Аднак апанэнты па-ранейшаму крытыкуюць Джонсана за недастатковую, на іх думку, падтрымку Ўкраіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.