«Палымянае прывітаньне і 30 срэбранікаў». Кіеў апублікаваў запіс ад’езду амбасадара Беларусі з Украіны

Ігар Сокал падчас кангрэсу беларускай дыяспары ва Ўкраіне 22 лістапада 2019

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіна апублікавала відэазапіс з размовай украінскага памежніка з амбасадарам Беларусі ва Ўкраіне Ігарам Сокалам, які выяжджае з тэрыторыі Ўкраіны.

У прыватнасьці, украінскі памежнік паведамляе, што на выкананьне загаду кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Сяргея Дэйнэкі ён перадае праз беларускага амбасадара «палымянае прывітаньне і 30 срэбранікаў » для старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі генэрал-лейтэнанту Лапо.

«Гэта загад. З пагардай!», — сказаў украінскі памежнік.

У адказ на гэта Ігар Сокал заявіў: «Гэта загад для вас, але не для мяне».

У той жа час памежная служба Ўкраіны не ўдакладняе, калі Ігар Сокал выехаў з Украіны. Афіцыйны сайт беларускай амбасады Ўкраіны не абнаўляецца з 1 сакавіка. З 27 лютага ў амбасадзе не адказваў ніводзін тэлефон — ні гарадзкі, зь якога раней сакратарка магла пераключыць на дыпляматаў, ні мабільны тэлефон консула, службовы абавязак якога — дапамагаць грамадзянам Беларусі, што трапілі ў надзвычайную сытуацыю ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларуская амбасада ва Ўкраіне не працуе. Афіцыйны сайт не абнаўляецца з 24 лютага

26 лютага, пасьля абстрэлаў Украіны з беларускай тэрыторыі, старшыня Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дэйнэка накіраваў ліст кіраўніку Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі. У ім ён адзначыў, што «Рэспубліка Беларусь разам з Расейскай Фэдэрацыяй вядзе вайну супраць Украіны, ігнаруючы палажэньні міжнароднага права, элемэнтарныя нормы людзкой маралі і каштоўнасьць жыцьця. Зь першых дзён крывавага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Беларусь актыўна падтрымлівае краіну-агрэсарку».