Ці задаволены Пуцін паводзінамі Лукашэнкі. Дыскусія аналітыкаў

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Ці склаў Лукашэнка ўсе яйкі ў адзін кошык у вайне Расеі з Украінай? Ці задавальняе Маскву пазыцыя Менску ў вайне? Чаму стаўленьне Ўкраіны да Беларусі адрозьніваецца ад стаўленьня да Расеі?

Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч

Валер Карбалевіч

  • Першы мэсыдж у інтэрвію Лукашэнкі японскаму тэлеканалу — Беларусь не ваюе ва Ўкраіне.
  • Другі — Украіна нібыта сама дэманструе агрэсіўнасьць адносна Беларусі. І гэта — індульгенцыя на магчымы ўдзел Беларусі ў гэтым канфлікце.
  • Трэці мэсыдж — Захад спрабуе ўцягнуць Беларусь у гэты канфлікт. Але, крый Божа, не Расея.
  • І традыцыйнае для Лукашэнкі пасланьне — мы за мір, мы за перамовы.
  • І, паводле Лукашэнкі, Украіна альбо прымае расейскі праект міру, альбо капітулюе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка спрабуе пераканаць сябе і ўвесь сьвет, што Расея пераможа. Атрымліваецца кепска
  • Лукашэнка склаў усе яйкі ў адзін кошык. Уся яго стратэгія будуецца на тым, што Расея пераможа ў гэтай вайне. І Беларусь атрымае ўсе дывідэнды пераможцы.
  • Масква ня цалкам задаволеная паводзінамі Лукашэнкі. Для Масквы ідэальны варыянт — гэта паўтарэньне «міратворчай» апэрацыі ў Казахстане, калі ўсе чальцы АДКБ, хай і сымбалічна, увялі ў Казахстан свае падразьдзяленьні.
  • Тое, што з усіх чальцоў арганізацыі падтрымала толькі Беларусь, дый то толькі тым, што дазволіла скарыстаць сваю тэрыторыю, — гэта не зусім тое, чаго хацела Масква. Яны хацелі б запэцкаць у гэтай вайне і Лукашэнку, і Беларусь, і беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Незалежныя сацыёлягі: 71% расейцаў адчувае гонар за вайну з Украінай
  • Калі цяпер ідзе размова пра прыцягненьне «добраахвотнікаў» з Блізкага Ўсходу, значыць, не хапае чалавечага рэсурсу для вайны. І для Масквы, зразумела, было б лепш, каб у вайне ўдзельнічалі беларусы, чым арабскія «добраахвотнікі». Так што пэўны ціск на Лукашэнку ёсьць.
  • Украінскае кіраўніцтва ўстрымліваецца ад крокаў, якія маглі б справакаваць удзел беларускіх войскаў у вайне. У Расеі, як вядома, грамадзтва падтрымлівае гэтую вайну. І калі нават уявіць сабе, што Пуцін сыходзіць са сваёй пасады, на думку Кіева, гэта можа і не памяняць стратэгію Расеі адносна Ўкраіны.
  • Ва Ўкраіне ўпэўненыя, што большасьць беларускага грамадзтва не падтрымлівае Лукашэнку. І там думаюць пра стасункі з постлукашэнкаўскай Беларусьсю. Таму і рознае стаўленьне да Расеі і Беларусі, да будучых адносінаў зь імі ў будучыні.

Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

  • Масква ўзяла Лукашэнку за яйцы і паклала іх у свой кошык. Калі зь беларускай зямлі адбываецца агрэсія супраць Украіны, яму дазволеная роля «добрага паліцэйскага». Крэмль — «кепскі», а Лукашэнка падае тую ж пазыцыю, толькі больш лагодна.
  • Што тычыцца яго адказнасьці ў сьвеце, калі Расея атрымае паразу, калі не ваенную, то палітычную. Лукашэнка з улікам гэтага варыянту падсьцілае сябе саломку, маўляў, Беларусь жа не ваявала. Потым ён будзе расказваць, як Крэмль ціснуў на яго, а ён усё ж вытрымаў.
  • А не дазволіць расейцам нападаць на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі ён ніяк ня мог. І ён адпаўзае ад гэтай магчымай будучай адказнасьці. Мяркую, што ён трымае розныя варыянты ў галаве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Foreign Policy: Тры сцэнары заканчэньня вайны ва Ўкраіне
  • Нядаўна аднавіўся расейскі шавіністычны тэлеграм-канал «Бульба престолов». Зараз ён дадаў у назву літару Z — сымбаль расейскага нападу на Ўкраіну. І там працягваюцца думкі пра тое, што Лукашэнка недастаткова ляяльны Расеі, што ён выкручваецца, і што ўступленьне Беларусі ў вайну зрабіла б немагчымымі ўсе хістаньні Лукашэнкі ў бок шматвэктарнасьці.
  • Рэакцыя і Арастовіча, і Падаляка паказвае мудрасьць гэтых прадстаўнікоў украінскага кіраўніцтва. У першыя дні вайны рабіліся больш эмацыйныя заявы ўкраінскіх блогераў і аглядальнікаў пра беларусаў. Чым далей, тым больш адэкватнасьці мы бачым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гэта вайна пахавае і Пуціна, і Лукашэнку. Што будзе пасьля
  • Першая прычына — прагматычная, каб не падштурхнуць Лукашэнку да прамога ўдзелу ў вайне. Гэтаму адпавядае і інфармацыйная палітыка. Мы бачым, колькі зьяўляецца паведамленьняў пра тое, што беларускае войска ня хоча ваяваць.
  • І ёсьць сацыялягічныя зьвесткі пра тое, што беларускае грамадзтва не падтрымлівае ўдзел краіны ў вайне. За гэта — толькі 3%.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.