Колькі беларусаў у гарадах, якія атакуе Расея пры дапамозе кіраўніцтва Беларусі

Харкаў пасьля абстрэлу расейскімі войскамі. 1 сакавіка 2022

Беларусы — трэцяя колькасьцю нацыянальная група, якая пражывае ва Ўкраіне. Паводле агульнадзяржаўнага перапісу 2001 году (у 2020-м перапіс праводзіўся толькі для ацэнкі колькасьці насельніцтва. — РС), ва Ўкраіне жывуць прадстаўнікі 130 нацыянальнасьцяў.

Найбольш — украінцаў (37 мільёнаў 541 тысяча 700 асобаў) і расейцаў (8 мільёнаў 334 тысячы 100 асобаў).

Свабода сабрала афіцыйныя зьвесткі аб колькасьці беларусаў у рэгіёнах, якія найбольш цярпяць ад авіяўдараў і артылерыйскіх абстрэлаў.

Харкаў і Харкаўская вобласьць

Абстрэлы Харкава пачаліся 24 лютага са зьнішчэньня вайсковай інфраструктуры. Расейскія войскі спрабавалі ўзяць горад у аблогу, каб прарвацца да франтавой лініі ў Данецкай і Луганскай абласьцях і захапіць тыя тэрыторыі, якія не ўваходзяць у гэтак званыя «ЛНР» і «ДНР». Калі горад не ўдалося атачыць, расейцы пачалі бесьперапынна абстрэльваць жылыя кварталы Харкава і ягоных навакольных паселішчаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Першы ракетны напад на Львоў; людзі застаюцца ў падвале разбомбленага тэатру ў Марыюпалі. 23-і дзень вайны Расеі супраць Украіны

У Харкаўскай вобласьці на 2001 год жылі 14 тысяч 752 беларусы.

Харкаўскі эканамічны ўнівэрсытэт носіць імя ўраджэнца Пінску Сямёна Кузьняца — амэрыканскага эканаміста, статыстыка, дэмографа і гісторыка эканомікі. У 1971 годзе ён стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў эканоміцы памяці. У пачатку ХХ стагодзьдзя ён вучыўся ў гэтай навучальнай установе.

Найбольш вядомыя беларусы ў Харкаве: Яўген Грыневіч (у 2000-х зь перапынкамі працаваў у Харкаўскай гарадзкой радзе), Людміла Рубаненка (эканамістка, доўга ўзначальвала фінансава-бюджэтнае ўпраўленьне Харкаўскай гарадзкой рады), Алена Шаўцова (дырэктарка мастацкай школы).

У 2018 годзе ў Харкаве адкрылі мэмарыяльную дошку ў памяць народнага артыста Беларусі Віктара Вуячыча – ён нарадзіўся ў гэтым горадзе.

У 2018 годзе ў Харкаве адкрылі мэмарыяльную дошку ў памяць народнага артыста Беларусі Віктара Вуячыча — ён нарадзіўся ў гэтым горадзе.

Марыюпаль і Данецкая вобласьць

Згодна са статыстыкай 2001 году, у Данецкай вобласьці — 44,5 тысячы беларусаў, у тым ліку 1 399 — у акупаваным Данецку. Невядома, якая колькасьць беларусаў выехала, а якая засталася пасьля таго, як у 2014 годзе там абвясьцілі так званую «народную рэспубліку».

Беларускі амбасадар Ігар Сокал на сустрэчы з мэрам Марыюпалю Вадзімам Бойчанкам абмяркоўвае пастаўкі беларускай тэхнікі

Беларускі амбасадар Ігар Сокал на сустрэчы з мэрам Марыюпалю Вадзімам Бойчанкам абмяркоўвае пастаўкі беларускай тэхнікі. Жнівень 2019 году.

У Марыюпалі, які бамбуюць расейскія войскі і ў якім праз блякаду цяпер няма ні вады, ні цяпла, ні электрычнасьці і разбураная амаль уся інфраструктура і жыльлёвы сэктар, да вайны пражывала 3 858 беларусаў.

Ахтырка і Сумская вобласьць

У Сумскай вобласьці было зарэгістравана 4 320 беларусаў. Найбольшая іхная частка, паводле статыстыкі, сканцэнтравана ў Ахтырцы (500 асобаў) і Ахтырскім раёне (500 асобаў). У Канатопе — 400. Усё гэта эпіцэнтры баявых дзеяньняў.

Таксама па 500 беларусаў пражывалі ў Краснапольскім і Сумскім раёне, а ў Сумах — 400. Адметна, што ў Ахтырцы 100 асобаў назвалі беларускую сваёй роднай мовай, і па 300 — у Ахтырскім і Краснапольскім раёне.

Кіеўская вобласьць

У Кіеўскай вобласьці, паводле статыстыкі, пражывалі 8 698 беларусаў. У тым ліку па 600 — у Ірпяні і Браварах, 4 100 — у Славуцічы (горад, пабудаваны для абслугоўваньня закрытай Чарнобыльскай АЭС), а таксама па 300 беларусаў у Іванкаўскім і Макараўскім раёнах, у якіх адбываюцца баявыя дзеяньні.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.