За тры тыдні вайны ў Грузію пераехалі амаль 16 тысяч беларусаў

Сьцяг Грузіі 17 кастрычніка 2017

Таксама ў Грузію зьехалі 30 439 грамадзян Расеі.

Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну шмат беларусаў пераехалі ў Грузію. Пра гэта заявіў міністар унутраных спраў краіны Вахтанг Гамелауры, паведамляе «Новости-Грузия».

Па стане з 24 лютага па 16 сакавіка, у Грузію ўсяго заехалі 30 439 грамадзян Расеі, з якіх 17 801 чалавек ужо пакінулі гэтую краіну. Што тычыцца грамадзян Украіны, то з гэтай краіны вялікага прытоку ў Грузію не фіксуецца.

Гамелауры адзначыў, што ў Грузію сталі часьцей заяжджаць менавіта грамадзяне Беларусі.

«З моманту пачатку вайны да ўчорашняга дня заехалі 15 777 чалавек, калі ў той жа час у 2019 годзе заехалі 1 678 чалавек», — сказаў Гамелауры.

Ад вялікага патоку прыежджых у Грузіі ў некалькі разоў вырасьлі цэны на арэнднае жытло, паведамляюць беларусы, якія цяпер жывуць там.