Пра гэта сьведчаць дадзеныя двух апытаньняў, праведзеных групай незалежных расейскіх сацыёлягаў з інтэрвалам у паўтара тыдня з канца лютага да сярэдзіны сакавіка. Вынікі паступілі ў рэдакцыю Радыё Свабода.
Гэты пункт гледжаньня адрозьніваўся ў залежнасьці ад узросту, адзначаюць аўтары дасьледаваньня. Расейцы, старэйшыя за 35 гадоў, часьцей выказвалі пачуцьці гонару, павагі і надзеі. Рэспандэнты ва ўзросьце да 18 гадоў былі больш схільныя да крыўдаў і расчараваньняў. Двое зь пяці расейцаў выказвалі занепакоенасьць з нагоды войны, і аб гэтых пачуцьцях часьцей за ўсё паведамлялі маладыя расейцы. Расейцы ў сярэдніх узроставых групах (ад 25 да 44 гадоў) часьцей паведамлялі пра пачуцьцё трывогі і страху наконт ваеннай апэрацыі. Больш за палову апытаных, старэйшых за 55 гадоў, падтрымліваюць вайну з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Чаму большасьць расейцаў за вайну? Тлумачэньне дасьледчыка-сацыёлягаАдрозьненьні паміж першым і другім апытаньнямі паказваюць павелічэньне колькасьці людзей, якія падтрымліваюць «ваенную апэрацыю» і незалежнасьць так званых «ДНР» і «ЛНР». У той жа час расьце пэсымізм у дачыненьні да асабістага фінансавага становішча ў сувязі з уведзенымі ў адносінах да Расеі краінамі Захаду санкцыямі.
Пры гэтым, як адзначаюць аўтары, вынікі другога апытаньня, праведзенага 12–13 сакавіка, у пэрыяд узмацненьня жорсткасьці дзяржаўнага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі і свабодай слова, трэба інтэрпрэтаваць з улікам магчымага ўплыву страху і сацыяльнай перадузятасьці на стаўленьне да паведамленьняў.
Апытаньні таксама паказалі, што тры чвэрці насельніцтва Расеі даведваецца пра вайну з тэлевізара. Зь іх 87 працэнтаў (і 64 працэнты ўсіх жыхароў Расеі) — зь дзяржаўных тэлеканалаў. 22 працэнты расейцаў карыстаюцца радыёпрымачамі для атрыманьня навінаў, і толькі адзін працэнт рэспандэнтаў атрымлівае доступ да інфармацыі на кароткіх хвалях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Пуцін не чалавек — людзі ня могуць так дзейнічаць. Гэта д’ябал». Украінская акторка Ада Рогаўцава пра вайну і «замбаваных» расейцаўВыкарыстаньне VPN для навін аб «ваеннай апэрацыі», па дадзеных аўтараў дасьледаваньня, складае пяць з паловай працэнтаў. З тых, хто наогул выкарыстоўвае інтэрнэт, каб даведвацца навіны пра вайну, 37 працэнтаў ня ведаюць, што такое VPN. YouTube карыстаюцца 11 працэнтаў рэспандэнтаў, Telegram — сем.
На думку сацыёлягаў, маладыя расейцы ва ўзросьце да 35 гадоў з большай імавернасьцю будуць зь некаторым ці поўным недаверам ставіцца да навінаў аб Украіне ў параўнаньні са старэйшым пакаленьнем. У той жа час аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што маладыя расейцы ва ўзроставай групе ад 18 да 24 гадоў часьцей выказвалі абыякавасьць да таго, што адбываецца ва Ўкраіне.
Адказваючы на пытаньне аб тым, як на іх уплываюць дзеяньні прэзыдэнта Расеі, траціна рэспандэнтаў заявілі, што цьвёрда вераць, што Пуцін працуе ў іхных інтарэсах, а яшчэ 26 працэнтаў гавораць, што ён у нейкай ступені працуе ў іхных інтарэсах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Джо Байдэн назваў Пуціна «ваенным злачынцам»У цэлым большасьць расейцаў лічаць, што было б лепш, калі б Пуцін заставаўся прэзыдэнтам як мага даўжэй. Гэтая думка найбольш распаўсюджаная сярод тэлевізійнай аўдыторыі. Расейцы, якія пакладаюцца на асабістыя сувязі і лічбавыя плятформы, успрымаюць прэзыдэнта інакш, гаворыцца ў дасьледаваньні незалежных расейскіх сацыёлягаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.