У Расеі завялі першыя справы за «фэйкі» ў сацсетках аб расейскім войску і расейскай агрэсіі
Расейскія танкі ў прыгарадзе Кіева Браварах, 10 сакавіка
Сьледчы камітэт Расеі завёў тры крымінальныя справы аб распаўсюдзе «заведама лжывай інфармацыі» аб дзеяньнях расейскай арміі.
Гэта першыя вядомыя выпадкі прымяненьня нядаўна прынятага артыкулу аб крымінальным пакараньні за распаўсюд «фэйкавых» навін пра расейскае войска, паведамляе «Коммерсантъ».
Дзьве справы завялі ў Томскай вобласьці на падставе матэрыялаў ФСБ, асобы падазраваных не раскрываюцца.
Супраць жыхара Томску і жыхаркі закрытага гораду Северску справы завялі паводле першай часткі новага артыкулу, якая прадугледжвае пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня свабоды.
Паводле папярэдніх зьвестак сьледзтва, мужчына разьмясьціў у інтэрнэце «загадзя лжывую інфармацыю» аб удзеле расейскіх войскаў на тэрыторыі Ўкраіны, нібыта атрыманую ад відавочцаў зь месца падзей.
Жанчына, як сьцьвярджаюць органы сьледзтва, апублікавала «лжывую інфармацыю» аб войску Расеі ў адным з мэсэнджараў. У праваабарончым праекце «ОВД-Инфо» мяркуюць, што падазраванай жыхаркай Северску можа быць актывістка Марына Новікава — аўтарка апазыцыйных каналаў у Telegram і на Youtube.
Што менавіта сьледзтва палічыла «заведама лжывай інфармацыяй», ведамства не ўдакладняе. У абаіх падазраваных адбыліся ператрусы, суд забараніў ім пэўныя дзеяньні.
Трэцюю справу завялі ў Сьледчым камітэце Расеі на вядомую аўтарку папулярных кулінарных кніг Вераніку Белацаркоўскую. Ёй можа пагражаць да дзесяці гадоў калёніі.
Справу завялі за запісы Белацаркоўскай у Instagram. У ведамстве сьцьвярджаюць, што там нібыта зьмяшчаліся загадзя лжывыя зьвесткі аб выкарыстаньні расейскай арміі для зьнішчэньня гарадоў і мірнага насельніцтва Ўкраіны, у тым ліку дзяцей.
Белацаркоўская, якая жыве ў Францыі, расказала, што даведалася пра крымінальную справу з тэлеграм-каналаў.
Яна пракамэнтавала гэта наступным чынам: «Мяне афіцыйна абвясьцілі прыстойным чалавекам!».
4 сакавіка Дзярждума аднагалосна і адразу ў трох чытаньнях ухваліла зьмены ў Крымінальны кодэкс РФ. Згодна з папраўкамі, за «распаўсюд фэйкаў аб ваеннай апэрацыі, заклікі да санкцый і дыскрэдытацыю Узброеных сіл Расеі» могуць прызначыць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да 15 гадоў.