У Кіеве пахавалі беларускага байца-добраахвотніка Аляксея Скоблю, які загінуў у баі

Аляксей Скобля, пазыўны «Тур»

Цырымонія разьвітаньня з Аляксеем Скоблем, які з 2014 году ваяваў за Ўкраіну і 13 сакавіка загінуў пад Кіевам, адбылася ў Кіеўскім крэматорыі.

Як паведамляецца на тэлеграм-канале «Батальён Кастуся Каліноўскага», на разьвітаньне з добраахвотнікам прыйшлі шмат пабрацімаў.

Аляксей Скобля, пазыўны «Тур», стаяў ля вытокаў арганізацыі беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаліся за Ўкраіну з 2014 году. Апошні год ён служыў у Сілах спэцыяльных апэрацый Украіны на падставе кантракту. Ён загінуў напярэдадні дня народзінаў, 14 сакавіка яму мела споўніцца 32 гады.

На разьвітаньні адзін з добраахвотнікаў з Аляксеем Скоблем прачытаў верш:

Прайду няўхільна цяжкі шлях вайны бясконцай і крывавай.
На нашых волатных плячах уздымем сьцяг шляхетнай славы.
Як Каліноўскі, наш Кастусь, мне прыклад, так і лёс Ліцьвіна.
Я вызваляю Беларусь праз вызваленьне Ўкраіны.
Як Тур, клянуся абараніць у пекле бітвы пабраціма.
Наш гонар вечна будзе жыць у памяці маёй Радзімы.

У 2016 годзе Аляксей Скобля даў вялікае інтэрвію Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі баец «Правага сэктару»: Цяпер Майдан Беларусі не патрэбны

Першым беларусам, які загінуў сёлета ў вайне ва Ўкраіне, стаў 27-гадовы Ільля «Літвін» зь беларускай роты тэрытарыяльнай абароны батальёну «Азоў». Ільлю паранілі ў баях за Бучу, зрабілі апэрацыю, але гэта не дапамагло. 4 сакавіка беларус памёр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працаваў праграмістам, нармальна зарабляў». Хто такі беларус Ільля «Літвін», які загінуў за Ўкраіну

Двое беларусаў параненыя, раненьні былі цяжкія, але жыцьцю ўжо нічога не пагражае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашы хлопцы гатовыя кроўю адкупіць тую няславу, якая цяпер ліецца на беларусаў». Як беларускія добраахвотнікі едуць ва Ўкраіну

Некалькі дзён таму стала вядома, што беларусы стварылі ва Ўкраіне асобны батальён імя Кастуся Каліноўскага для абароны Кіева. Больш за 200 беларусаў далучыліся да тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны, яшчэ некалькі сотняў маюць намер адправіцца ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адрэагаваў на ўтварэньне ва Ўкраіне беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.