Найбуйнейшы ў Расеі вытворца аўтамабіляў «АвтоВАЗ» спыняе працу праз адсутнасьць імпартных камплектных частак

На расейскім заводзе «АвтоВАЗ», архіўнае фота

Супрацоўнікі «АвтоВАЗ» з 4 па 24 красавіка пойдуць у «плянавы карпаратыўны адпачынак» у сувязі з «зацяжным крызісам паставак электронных кампанэнтаў»

Найбуйнейшы ў Расеі аўтавытворца «АвтоВАЗ» спыняе працу праз адсутнасьць паставак імпартных камплектных частак.

Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на прэсавую службу кампаніі.

Раней карпаратыўны водпуск плянаваўся з 25 ліпеня па 14 жніўня. У кампаніі перакананыя, што рашэньне аб пераносе «адпачынку» дапаможа «назапасіць неабходны запас камплектных частак для забесьпячэньня больш стабільнай працы прадпрыемстваў у Тальяці і Іжэўску з 25 красавіка, а таксама ў траўні 2022 году».

Група «АвтоВАЗ» уваходзіць у альянс Renault-Nissan-Mitsubishi, група выпускае аўтамабілі для марак Lada, Nissan, Datsun і Renault. Альянс, у які ўваходзіць «АвтоВАЗ», займае 35,5% расейскага аўтарынку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

3 мільёны ўцекачоў з Украіны; Пуціна ў ЗША прызналі ваенным злачынцам. 21-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мусім крычаць пра Марыюпаль». Што вядома пра сытуацыю ў горадзе, які два тыдні жыве ў расейскай блякадзе пад абстрэламі