Бясьпека і новыя санкцыі супраць Расеі. Што абмяркоўвалі кіраўнікі ўрадаў Польшчы, Славеніі і Чэхіі зь Зяленскім у аточаным Кіеве
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль, прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі і польскі віцэ-прэмʼер Яраслаў Качыньскі, прэмʼер-міністар Чэхіі Пётр Фіала і прэмʼер-міністар Славеніі Янез Янша. Кіеў, 15 сакавіка 2022
Прэмʼер-міністры Чэхіі (Пэтар Фіяла), Польшчы (Матэвуш Маравецкі) і Славеніі (Янэз Янша) ў Кіеве сустрэліся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Візыт праходзіць ва ўмовах пагрозы наступу на горад расейскіх войскаў. Кіраўнікі ўрадаў трох краінаў прыбылі ва Ўкраіну на цягніку.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў мужным крокам візыт кіраўнікоў урадаў Польшчы, Славеніі і Чэхіі ва Ўкраіну ў часе агрэсіі Расеі і сталых абстрэлаў яе войскамі буйнейшых украінскіх гарадоў:
«Гэтыя паважаныя людзі, лідэры сваіх цудоўных незалежных эўрапейскіх дзяржаў, нічога не баяцца. Яны больш баяцца за наш лёс, і яны тут, каб нас падтрымаць. Гэта вялікі мужны крок», — сказаў Уладзімір Зяленскі пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім і польскім віцэ-прэм’ерам Яраславам Качыньскім, а таксама з кіраўнікамі ўрадаў Чэхіі і Славэніі Пэтрам Фіялам і Янэзам Яншам.
Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што Ўкраіна абсалютна давярае гэтым краінам:
«Таму, калі мы гаворым пра гарантыі бясьпекі, пра нашу будучыню ў Эўрапейскім Зьвязе або пра санкцыйную палітыку, на 100 адсоткаў мы ведаем, што ўсё, што мы абмяркоўваем, сапраўды дасягне мэты, пазытыўнай мэты для нашай краіны, для нашай бясьпекі і для нашай будучыні», — дадаў украінскі прэзыдэнт.
Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль удакладніў, што асноўнымі тэмамі перамоў стала ўзмацненьні санкцый супраць Расеі і прызнаньне яе краінай –спонсарам тэрарызму, закрыцьцё партоў для расейскіх грузаў, міжнародная дапамога для аднаўленьня інфраструктуры Ўкраіны пасьля вайны, а таксама падтрымка эўраінтэграцыйнага курсу краіны.
«Наш абавязак — быць там, дзе куецца гісторыя. Таму што гаворка ідзе не пра нас, а пра будучыню нашых дзяцей, якія заслугоўваюць магчымасьці жыць у сьвеце, свабодным ад тыраніі», — сказаў польскі прэм'ер Матэвуш Маравецкі. Паводле ПэтраФіялы, мэта візыту ў тым, каб «пацьвердзіць безумоўную падтрымку сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны з боку ўсяго Эўразьвязу».
Візыт праходзіць у момант, калі афіцыйныя асобы Ўкраіны выказваюць думку, што Масква, магчыма, зьмірыцца з тым, што не змагла сілай накінуць Украіне новае кіраўніцтва.
Прэзыдэнт Украіны Зяленскі заявіў учора , што Кіеў гатовы прыняць гарантыі бясьпекі, якія не адпавядаюць ягонай доўгатэрміновай мэце — сяброўству ў NATO, супраць якога выступае Масква.