Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць Мішусьціна, Шайгу, Мядзьведзева, Салаўёва і яшчэ 350 расейскіх фізычных і юрыдычных асоб
Мядзьведзеў, Мішусьцін, Пуцін
Вялікая Брытанія ў аўторак пашырыла санкцыйны сьпіс у сувязі са збройным уварваньнем Расеі ва Ўкраіну, уключыўшы ў яго каля 350 расейскіх фізычных і юрыдычных асоб.
Сярод тых, хто трапіў пад санкцыі, якія прадугледжваюць замарозку актываў і забарону на ўезд у краіну, — буйныя бізнэсмэны і чыноўнікі, а таксама кіраўнікі падкантрольных Крамлю СМІ і іх вядомыя супрацоўнікі.
У новым санкцыйным сьпісе, у прыватнасьці, кіраўнік ураду Расеі Міхаіл Мішусьцін і былы прэзыдэнт, намесьнік старшыні Рады бясьпекі Дзьмітрый Мядзьведзеў.
У сьпіс таксама трапілі буйныя бізнэсмэны — Міхаіл Фрыдман, Пётр Авен, Герман Хан, Дзьмітрый Пумпянскі, шэраг дэпутатаў Дзярждумы, уключаючы былую фігурыстку Ірыну Радніну, міністар абароны Сяргей Шайгу, кіраўнік адміністрацыі Крамля Антон Вайно, высокапастаўленыя чыноўнікі ўраду, прэс-сакратар МЗС Расеі Марыя Захарава, кіраўнік RT Маргарыта Сіманьян і яе муж Тыгран Кеасаян, прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў, тэлевядоўцы Вольга Скабеева і Ўладзімір Салаўёў, журналіст Антон Красоўскі, пісьменьнік Захар Прылепін.
Усе яны так ці інакш прызнаныя адказнымі за расейскае ўварваньне ва Ўкраіну або датычнымі да яго. Раней большая частка гэтых асоб была ўключана ў санкцыйныя сьпісы ЭЗ і ЗША.
Пад санкцыі ўжо трапілі амаль усе члены Рады бясьпекі, якая фармальна прымала рашэньне аб уводзе войскаў ва Ўкраіну, у тым ліку прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.
Уведзены таксама сэктаральныя эканамічныя санкцыі. Краіны Захаду ўводзяць іх скаардынавана, хоць санкцыйныя меры ня цалкам супадаюць: напрыклад, ЗША і Брытанія адмовіліся ад імпарту расейскай нафты, а краіны ЭЗ — не.