Прэм’ер-міністар Беларусі падзякаваў Расеі за дамоўленасьці наконт далейшага супрацоўніцтва і супрацьдзеяньня санкцыям.
14 сакавіка Раман Галоўчанка сустрэўся з кіраўніком расейскага ўраду Міхаілам Мішусьціным. Пасьля перамоў Галоўчанка заявіў, што многія замежныя кампаніі дарэмна пакінулі рынак.
«Тыя, хто сышлі з рынку, асабліва з расейскага рынку, аб гэтым пашкадуюць, бо мы прынялі рашэньне, што максымальна будзем імпартазамяшчацца».
Пры гэтым Галоўчанка прызнаў, што 100% пакуль краіны ня могуць гэта зрабіць, але «па многіх пазыцыях, дзе асабліва нашы расейскія калегі сядзелі на заходняй камплектацыі і не разглядалі іншыя прапановы, зараз сытуацыя зьмянілася». Цяпер, як пераконвае беларускі прэм’ер, «ёсьць вялікае разуменьне таго, што мы павінны забясьпечваць уласную тэхналягічную незалежнасьць».
Галоўнай галіной для імпартазамяшчэньня ён назваў машынабудаваньне, дзе шэраг міжнародных кампаній галіны заявіў пра сыход з расейскага рынку.
«Гэта аўтамабілебудаваньне, сельскагаспадарчае машынабудаваньне, мікраэлектроніка. Асабліва мікраэлектроніка», — зазначыў Галоўчанка.
Паводле яго, на беларускія прадпрыемствы будзе распаўсюджвацца тое фінансаваньне, якое выдзяляецца Расеяй у рамках імпартазамяшчэньня.
«Рэспубліцы Беларусь з сёньняшняга дня дадзены рэжым ня проста максымальнага спрыяньня, а супэрмаксымальнага спрыяньня», — заявіў Раман Галоўчанка са спасылкай на словы Мішусьціна.
Галоўчанка кажа пра тое, што неўзабаве ня стане адміністрацыйных і нарматыўных абмежаваньняў на пастаўку беларускай прадукцыі, якія існавалі дагэтуль.
Паводле Галоўчанкі, прынята рашэньне аб рэструктурызацыі і растэрміноўцы дзяржаўных крэдытаў, якія давала Расея, «аб пераводзе іх з валюты ў расейскі рубель».
«Больш за тое, мы вырашылі адвязацца ад даляра ва ўсіх нашых энэргетычных разьліках. Гэта натуральнае рашэньне з прычыны вядомых абставін. Няма ніякага сэнсу больш прывязвацца да нейкай трэцяй валюты. Тое, што тычыцца Расейскай Фэдэрацыі, будзем працаваць у расейскіх рублях».