Улады Ўкраіны паведамілі аб расейскіх ударах па Аўдзееўцы, Севераданецку, Марыюпалі

У горадзе Аўдзееўка Данецкай вобласьці расейскія войскі абстралялі мясцовы коксахімічны завод. У выніку абстрэлу спынілася заводзкая ЦЭЦ, якая забясьпечвала цяплом Аўдзееўку.

Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацый Украіны апублікавала фатаздымкі, на якіх, як адзначаецца, відаць наступствы расейскіх удараў па гарадах Луганскай вобласьці — з тых, што застаюцца пад кантролем украінскіх уладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне абстралялі найбуйнейшы коксахімічны завод Эўропы

У Севераданецку ў выніку гэтых удараў згарэлі дзясяткі жылых кватэр і будынак вышэйшай прафэсійнай вучэльні, пацярпелі два чалавекі. Раніцай у Севераданецку абстралялі катэдральны сабор, дзе знаходзіліся людзі, якія засталіся без жытла.

У Марыюпалі, абложаным расейскімі войскамі, ад пачатку вайны 18 дзён таму загінулі ўжо 2187 чалавек, паведаміла ўвечары 13 сакавіка гарадзкая рада. «Кожны дзень Марыюпаль цярпіць ад авіяналётаў. За 24 гадзіны ня менш за 22 бамбаваньні мірнага гораду», — кажуць у радзе. Мясцовыя ўлады адзначаюць, што ў горадзе заблякаваныя 400 тысяч жыхароў. «Горадам пакутнікаў» назваў у нядзелю Марыюпаль Папа Рымскі Францішак на імшы ў Ватыкане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гуманітарны калідор да Марыюпалю і гарадоў у Запароскай вобласьці сарваўся праз абстрэлы

У Чарнігаўскай вобласьці, на поўначы Ўкраіны, урадавыя войскі разьбілі расейскую танкавую калёну, якая прарывалася ў Кіеў, перадало 13 сакавіка ўкраінскае камандаваньне.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч назваў пакуль немагчымым наступ расейскіх сіл на Кіеў. Раней паступалі зьвесткі аб іх перагрупоўцы і значнай канцэнтрацыі за 25 кілямэтраў ад цэнтру ўкраінскай сталіцы. «Аб Кіеве можна не хвалявацца. Усе сілы, якія накіроўваліся на Кіеў, былі разьбітыя», — сьцьвярджае Арастовіч, словы якога прыводзіць «РБК-Украіна». Як піша агенцтва на сваім сайце, украінскія вайскоўцы, нягледзячы на абстрэлы, усё часцей пераходзяць у контратаку і трымаюць таксама абарону гарадоў Харкаў, Марыюпаль, Мікалаеў, Сумы, Чарнігаў і іншых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ля ўкраінска-польскай мяжы расейцы атакавалі ракетамі Міжнародны цэнтар міратворчасьці і бясьпекі, загінулі 35 чалавек

Міністэрства абароны Расеі заявіла 13 сакавіка, што ў выніку ўдару высокадакладнай зброяй па вайсковых аб’ектах Украіны ў Львоўскай вобласьці было «зьнішчаны да 180 замежных наймітаў». У Маскве сьцьвярджаюць, што сілы так званай «ЛНР» узялі пад кантроль горад Попасная, а таксама што расейскія ўзброеныя сілы ўстанавілі поўны кантроль над населенымі пунктамі Паўлаўка, Нікольскае, Жыватворнае, Вадзянаўка і Ўладзіміраўка.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.