Гуманітарны калідор да Марыюпалю і гарадоў у Запароскай вобласьці сарваўся праз абстрэлы

Наступствы абстрэлаў у Марыюпалі, сакавік 2022

Дастаўка гуманітарных грузаў да гораду, абложанага расейскімі войскамі, плянавалася на другую палову дня 13 сакавіка. Аднак давезьці дапамогу не ўдалося.

Марыюпаль зноў не атрымаў гуманітарную дапамогу — расейцы пачалі абстрэл гуманітарнага калідора з паветра, піша «Українська правда». Выданьне паведамляе, што ёсьць шмат ахвяраў сярод мірнага насельніцтва, але дакладная лічба невядомая.

Міністарка рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук паведаміла, што калёна засталася ў Бярдзянску і заўтра раніцай зноў паспрабуе прарвацца ў Марыюпаль.

Марыюпаль — адзін з найбольш пацярпелых украінскіх гарадоў за час разьвязанай 24 лютага вайны. Як паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў Украіны, па стане на 13 сакавіка ў выніку расейскіх бамбаваньняў і абстрэлаў загінула як найменей 2187 марыюпальцаў. Расейская авіяцыя скінула на горад каля сотні бомбаў.

З 3 сакавіка ўкраінскі горад знаходзіцца пад блякадай, якую зладзілі расейскія вайскоўцы. У Марыюпалі няма электрычнасьці, сувязі, газу, ацяпленьня і не хапае ежы і вады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У блякадным Марыюпалі загінулі звыш 2,1 тысячы жыхароў, — МУС Украіны

Таксама, як паведаміў сакратар Запароскай гарадзкой рады Анатоль Курцеў, сарвалася гуманітарная дапамога Энэргадару, Палогам і Такмаку праз падрыў расейскімі войскамі моста. У выніку ўсе пяць аўтобусаў вярнуліся ў Запарожжа, прычым частку зваротнага шляху яны ехалі замінаванымі дарогамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Першы ракетны абстрэл Львоўскай вобласьці, на ЧАЭС зноў зьявілася электрычнасьць. 18-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны