На Чарнобыльскай АЭС аднавілі электразабесьпячэньне

Спадарожнікавае фота Чарнобыльскай АЭС, 11 сакавіка 2022 году

Пра гэта заявіў міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка.

«Сёньня дзякуючы неверагодным намаганьням спэцыялістаў „Укрэнэрга“ нашым атамшчыкам і электрыкам удалося вярнуць электразабесьпячэньне захопленай расейскімі акупантамі Чарнобыльскай АЭС, — заявіў Галушчанка. — Нашы ўкраінскія энэргетычныя кампаніі, рызыкуючы ўласным здароўем і жыцьцём, змаглі пазьбегнуць рызыкі магчымай ядзернай катастрофы, якая пагражала ўсёй Эўропе».

«Я яшчэ раз зьвяртаюся да нашых міжнародных партнэраў, Эўракамісіі, МАГАТЭ, ААН, АБСЭ: дапамажыце нам абараніць ядзерныя аб’екты! Цяпер неабходна прымусіць праціўніка пакінуць АЭС і стварыць 30-кілямэтровую дэмілітарызаваную зону вакол ядзерных аб’ектаў Украіны», — адзначыў Галушчанка ў сваёй заяве.

Чарнобыльская АЭС была захопленая расейскімі войскамі 24 лютага; 6 лютага расейскія захопнікі ўзялі пад кантроль Запароскую АЭС.