Макрон пасля размовы з Пуціным: ён не праявіў намеру скончыць вайну

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, 2 сакавіка 2022

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас перамоваў з кіраўнікамі Францыі і ФРГ  не праявіў зацікаўленасьці ў спыненьні беспрычыннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, паведамілі ў Офісе прэзыдэнта Францыі.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заклікалі Пуціна спыніць ваенныя дзеяньні і пагадзіцца на неадкладнае спыненьне агню падчас трохбаковых перамоваў з Пуціным 12 сакавіка.

У офісе Макрона заявілі, што Пуцін не прадэманстраваў намеру спыняць вайну, якая, паводле ацэнак, забрала сотні, калі ня тысячы жыцьцяў мірных жыхароў і стала прычынай масавага міграцыйнага крызісу ў Эўропе.

Падчас размовы прэзыдэнт Францыі абвінаваціў Пуціна ў «хлусьні» за абвінавачаньні ў тым, што ўкраінскія сілы нібыта парушаюць правы чалавека, паведамляе Офіс Макрона.

Тым часам прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што падняў пытаньне аб «злачынствах Расеі супраць мірнага насельніцтва» падчас перамоваў з Макронам і Шольцам. Яны таксама абмеркавалі пэрспэктывы міру з Масквой.