Украінская паліцыя завяла крымінальныя справы па факце авіяўдараў, нанесеных па Ровенскай вобласьці. Яны адбыліся ў той час, калі шэраг СМІ паведамілі пра магчымыя авіяўдары па вёсках на Століншчыне.
Паводле паведамленьня паліцыі, тры выбухі адбыліся ў 15.40 менскага часу ў полі каля вёскі Міляч Сарненскага раёну Ровенскай вобласьці. У выніку бамбардаваньня ніхто не пацярпеў, але была пашкоджаная лінія электраперадач.
«Сьледча-апэратыўная група РУУС № 1 (Дубровіца) задакумэнтавала злачынства: зьвесткі ўнесеныя ў Адзіны рэестар дасудовых расьсьледаваньняў паводле ч.2 ст.110 КК Украіны (замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны). Матэрыялы крымінальнага вядзеньня будуць накіраваныя ў СБУ для расьсьледаваньня», — паведамляе паліцыя.
Супрацоўнікі паліцыі вывезьлі зь месца здарэньня абломкі і ўстанавілі паходжаньне боепрыпасаў.
Вёска Міляч — за некалькі кілямэтраў ад беларускай вёскі Капані, дзе мясцовыя жыхары чулі гул самалётаў і грукат. Украінскія ўлады паведамлялі, што гэта мог быць правакацыйны абстрэл расейскімі пілётамі беларускай тэрыторыі з мэтай уцягнуць Беларусь у вайну з Украінай. Мінабароны Беларусі заявіла, што паведамленьні пра абстрэл беларускіх вёсак — фэйк.
Раней тэлеграм-канал камандаваньня Паветраных сіл Украіны паведаміў, што расейскія самалёты з тэрыторыі Ўкраіны нанесьлі ўдар па населеных пунктах у Столінскім раёне на тэрыторыі Беларусі, назваўшы гэта правакацыяй з мэтай уцягнуць Беларусь у вайну.
У Рэчыцкім сельсавеце (Столінскі раён), да якога адносяцца вёскі Бухлічы і Верхні Церабяжоў, Радыё Свабода зьняпраўдзілі інфармацыю пра выбухі і абстрэл. Мінабароны Беларусі назвала заяву афіцыйнага Кіева пра расейскі абстрэл беларускіх вёсак «фэйкам».
Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаўзаявіў сёньня, што, паводле інфармацыі, якую мае ведамства, камандаваньне расейскіх войскаў рыхтуе «шэраг крывавых правакацыяў»: расейская авіяцыя рыхтуецца да ўдару па шэрагу населеных пунктаў Беларусі ля ўкраінска-беларускай мяжы (у прыватнасьці, ён назваў вёску Капані Столінскага раёну).