Пуцін дазволіў адпраўляць добраахвотнікаў з Блізкага Ўсходу ваяваць за «ДНР» і «ЛНР»

Уладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін дазволіў адпраўляць добраахвотнікаў ваяваць у «ДНР» і «ЛНР». Кіраўнік дзяржавы распарадзіўся дапамагчы ім перабрацца ў зону баявых дзеяньняў. Пра гэта ён заявіў на нарадзе Рады бясьпекі Расеі.

Пуцін аргумэнтаваў сваё рашэньне тым, што нібыта нейкія «заходнія спонсары ўкраінскага рэжыму» адпраўляюць наймітаў з усяго сьвету ваяваць на тэрыторыю Ўкраіны. Пуцін лічыць, што гэта робіцца насуперак «усялякім нормам міжнароднага права».

Падчас паседжаньня Рады бясьпекі міністар абароны Сяргей Шайгу заявіў, што ведамства атрымала каля 16 тысяч заявак ад добраахвотнікаў з Блізкага Ўсходу, якія хочуць прыехаць у «ЛНР» і «ДНР». Паводле яго слоў, яны зьбіраюцца ўзяць удзел у «вызваленчым руху». Пуцін распарадзіўся «пайсьці ім насустрач» і дапамагчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка заявіў Пуціну, што Ўкраіна хацела атакаваць Беларусь, але доказаў ня даў

Прэзыдэнт Расеі таксама дазволіў перадаць «ЛНР» і «ДНР» сродкі супрацьпаветранай абароны і супрацьтанкавыя ракетныя комплексы, а таксама ўкраінскую і заходнюю зброю, захопленую расейскімі вайскоўцамі.

Раней пра тое, што Расея зьбіраецца адправіць ваяваць на тэрыторыю Ўкраіны наймітаў з Сырыі, якія маюць досьвед вядзеньня баявых дзеяньняў у гарадзкіх умовах, паведамляла The Wall Street Journal. Выданьне спаслалася на амэрыканскія ўрадавыя крыніцы.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк у гэтай сувязі назваў добраахвотнікаў, пра якіх казаў Пуцін, былымі баевікамі Ісламскай дзяржавы:

  • 27 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў, што ў рамках Сіл тэрытарыяльнай абароны ствараецца «інтэрнацыянальны легіён» з замежнікаў, якія хочуць ваяваць на баку Ўкраіны.
  • Расейскае збройнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны пачалося 24 лютага на загад прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Мэтамі ваеннай апэрацыі ён назваў «дэнацыфікацыю» і «дэмілітарызацыю» Ўкраіны, але не ўдакладніў, што канкрэтна мае на ўвазе.