Мінабароны Расеі прызнала ўдзел салдат тэрміновай службы ў вайне ва Ўкраіне. Раней Пуцін гэта адмаўляў
Ілюстрацыйнае фота
Аб тым, што салдаты тэрміновай службы былі «выяўлены» ў частках, якія ўдзельнічаюць у вайне Расеі супраць Украіны, 9 сакавіка заявіў афіцыйны прадстаўнік ведамства генэрал-маёр Ігар Канашэнкаў.
Ён паведаміў, што некаторыя з салдат тэрміновай службы трапілі ў палон украінскіх войскаў, аднак «амаль усе» яны выведзены з тэрыторыі краіны.
Раней расейскія афіцыйныя асобы, у тым ліку прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, сьцьвярджалі, што ў баявых дзеяньнях удзельнічаюць толькі прафэсійныя салдаты, якія падпісалі кантракт з Узброенымі сіламі.
Прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў заявіў, што да пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, якое расейскія ўлады называюць «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй», да ўсіх камандзіраў давялі ўказаньне «катэгарычна выключыць прыцягненьне вайскоўцаў тэрміновай службы для выкананьня любых задач на тэрыторыі Ўкраіны», і Пуціну далажылі аб яго выкананьні.
Цяпер жа, калі высьветлілася, што салдаты тэрміновай службы ў вайне ўсё ж удзельнічалі, Пуцін даў новае ўказаньне — Галоўная вайсковая пракуратура павінна праверыць і пакараць службовых асоб, якія гэта дапусьцілі.
Расейскае войска таксама ўпершыню адкрыта прызнала, што яе салдаты траплялі ў палон да Ўкраіны. Колькасьць такіх асоб названая не была.
Адразу пасьля пачатку вайны праваабарончая арганізацыя «Комитет солдатских матерей» паведамляла, што перад уводам войскаў да ўкраінскай мяжы былі перакінуты салдаты тэрміновай службы, некаторых зь якіх прымушалі падпісваць кантракты.
Украінскі бок распаўсюджваў відэазапісы палонных расейскіх салдат, якія сьцьвярджалі, што іх не папярэдзілі пра тое, што яны будуць браць удзел у рэальнай вайне. Да завяршэньня вайны практычна немагчыма ўстанавіць, ці давалі яны гэтыя паказаньні добраахвотна, ці пад ціскам.