Нямеччына ня будзе ўводзіць эмбарга на пастаўкі нафты і газу з Расеі

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц 15 лютага 2022 году

Таксама ад увядзеньня эмбарга адмовілася Вугоршчына. 

«Нямеччына вітае ўсе міжнародныя намаганьні, накіраваныя на тое, каб адрэагаваць на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну мэтанакіраванымі санкцыямі. Санкцыі супраць расейскіх фінансавых устаноў, Цэнтральнага банку і больш як 500 чалавек гавораць самі за сябе. Тое ж самае тычыцца і абмежаваньняў на экспарт важных тавараў. Аднак у цяперашні час няма іншага спосабу забясьпечыць Эўропу энэргіяй для ацяпленьня, транспарту, электразабесьпячэньня і прамысловасьці», — цытуе словы Шольца нямецкае выданьне Der Tagesspiegel.

Міністар фінансаў Вугоршчыны Міхай Варга таксама заявіў, што яго краіна не падтрымае забарону на набыцьцё расейскіх нафты і газу ў якасьці адной з санкцый адносна Масквы з прычыны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

У відэазвароце ў фэйсбуку Варга адзначыў, што ахвярай эўрапейскіх санкцый ужо стаў вугорскі форынт. За апошні месяц яго курс упаў з 314 да 360 форынтаў за даляр ЗША.