Як паведаміла 1 сакавіка прэс-служба суду, слуханьні будуць прысьвечаныя разгляду хадайніцтва аб часовых мерах, якія запрасіла Ўкраіна.
«Міжнародны суд, галоўны судовы орган ААН, правядзе публічныя слуханьні ў справе аб абвінавачаньнях у генацыдзе, у адпаведнасьці з Канвэнцыяй аб прадухіленьні злачынства генацыду і пакараньні за яго (Украіна супраць Расейскай Фэдэрацыі), у панядзелак, 7-га, і аўторак, 8 сакавіка 2022 году, у Палацы міру ў Гаазе, дзе знаходзіцца суд», — гаворыцца ў паведамленьні.
У судзе ўдакладнілі, што з прычыны пандэміі слуханьні пройдуць у гібрыдным фармаце: некаторыя чальцы суду будуць прысутнічаць асабіста, іншыя — празь відэасувязь.
«Пуцін хлусіць. А ўкраінцы паміраюць». Што сказаў прадстаўнік Украіны на першым пасяджэньні ў судзе супраць Расеі ў Гаазе
У Міжнародным судзе ААН у Гаазе пачаўся разгляд пазову Украіны да Расеі. Прадмет пазову — абвінавачваньні ў генацыдзе, якія расійскі бок шмат разоў высоўваў супраць Украіны. Менавіта выратаваньнем жыхароў Данбаса ад генацыду Уладзімір Пуцін патлумачыў пачатак вайны.
26 лютага Украіна зьвярнулася ў суд, каб даказаць, што ў Расіі не было на гэта ніякіх паўнамоцтваў.
«Медуза» апублікавала прамову прадстаўніка Украіны ў Міжнародным судзе ААН у Гаазе Антона Карыневіча
«Усё ж Расія ведае, што міжнароднае права мае значэньне, інакш навошта ёй спрабаваць апраўдаць сваю агрэсію? Гэтая вайна, па словах Расіі, каб спыніць генацыд. Я працытую словы прэзыдэнта Расеі, якія ён вымавіў раніцай, калі загадаў уварвацца ва Украіну. Ён сказаў: „Мы павінны спыніць гэты кашмар, гэты генацыд“. Мэта вайны, па яго словах, абараніць людзей ад генацыду. Гэта жудасная хлусьня! Пуцін хлусіць, а ўкраінцы, нашы грамадзяне, паміраюць. Гэта не Украіна праводзіць генацыд. Гэта Расія, яе палітычнае кіраўніцтва і вайскоўцы зьдзяйсьняюць злачынствы супраць чалавецтва і ваенныя злачынствы на тэрыторыі Украіны».
Антон Карыневіч дадаў таксама, што падобныя спрэчкі варта вырашаць праз суд, а не праз вайну.
«Расія заяўляе, што каб спыніць неіснуючы генацыд, яна можа ўварвацца ў сувэрэнную дзяржаву — Украіну. Украіна абвяргае гэтыя неабгрунтаваныя абвінавачваньні ў злачынстве. Маё паведамленьне Расеі такое: давайце вырашым нашу спрэчку як цывілізаваныя нацыі. Складзіце зброю, высуньце свае доказы. Украіна паважае гэты суд і падпарадкуецца яго рашэньням. Расія таксама павінна. Але калі Расія сама не вернецца да захаваньня міжнароднага права, у суда ёсьць магчымасьць дзейнічаць. У суда ёсьць абавязак дзейнічаць. Расія адносіцца да вашай юрысдыкцыі па Канвэнцыі аб генацыдзе. Цяпер яна абражае і парушае гэтую канвэнцыю, каб забіваць украінцаў і разбурыць Украіну. Расію трэба спыніць! І суд павінен у гэтым удзельнічаць», — сказаў Антон Карыневіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Абстрэлы дамоў у Мікалаеве, вызваленьне Чугуева, новая спроба эвакуацыі з аточаных гарадоў. 12-ы дзень расейскай вайны ва ЎкраінеРасейская дэлегацыя ў судзе ня ўдзельнічае. Галоўная судзьдзя Джоан Донаг'ю заявіла пра шкадаваньне ў сувязі з адмовай, інфармуе журналіст AFP Дэні Кэмп.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.