На ютуб-канале «Жыцьцё-маліна» выйшла інтэрвію журналіста Мікіты Мелказёрава зь пісьменьнікам Сашам Філіпенкам. Сабралі некалькі яскравых выказваньняў.
Пра Лукашэнку
«Я цьвёрда перакананы, што Лукашэнка не прачытаў ніводнай кнігі ў жыцьці. Проста наагул ніводнай. Нашай краінай кіруе чалавек, далёкі ад любой кнігі, якая магла б на яго паўплываць (...) Цяпер гэта пэрсанаж, які проста страціў розум. Мы відавочна назіраем нейкія клінічныя рэчы, і да яго ўжо ў меншай ступені ёсьць нейкія прэтэнзіі, хутчэй прэтэнзіі ёсьць да людзей, якія даюць яму таблеткі. Бо я бачу зусім звар’яцелага дыктатара, які трымаецца за ўладу з апошніх сілаў, які гатовы аддаць уласную краіну».
Пра тое, як жыць беларусам ў статусе грамадзян краіны-агрэсара
«Калі вы будзеце паказваць беларускі пашпарт, уяжджаючы ў Хэльсынкі ці ў Італію, памежнікі будуць глядзець на вас як на краіну-агрэсара. Мы, безумоўна, будзем з гэтым жыць нейкі час. Нам трэба будзе нейкі час, каб знайсьці гэтую налепку, адчуць яе і неяк зь сябе зьняць».
«Мы павінны за гэта адказваць. Мы дапусьцілі. Значыць, мы зрабілі недастаткова. Мы жылі 26 гадоў паралельным жыцьцём і не заўважалі, што адбываецца. А людзей, якія трубілі аб тым, што Лукашэнка ва ўладзе, называлі „змагарамі“».
Пра пачуцьцё віны
«Гэта неканструктыўна — сядзець і заганяцца. У мяне ёсьць жаданьне зрабіць нешта яшчэ. І я думаю, што мы знаходзімся ў сытуацыі, калі нам трэба прыдумляць новыя мэтады барацьбы. Гэта як такая матэматычная задача, якую немагчыма разьвязаць. Нам здаецца, што мы ўжо ўсё зрабілі, выйшлі, а апынуліся ў нейкім тупіку. Аднак ёсьць матэматычныя задачы, якія людзі не маглі разьвязаць сотні гадоў, але потым усё ж такі разьвязалі. І мне здаецца, што калі ў нас зьявілася думка, што можам перамагчы, нам трэба прыдумляць новыя спосабы ціску на рэжым, устаўляць яму палкі ў колы ўсімі магчымымі новымі спосабамі».
Пра незалежнасьць Беларусі
«У нас заўсёды была нібыта дамоўленасьць з уладай: вы ня лезеце ў палітыку, але затое мы незалежныя, ніколі ў нас ня будзе рускіх войскаў і гэтак далей. І мы зараз назіраем, што чалавек расплочваецца за 2020 год тым, што аддае ўласную краіну».
«Я ня ведаю, ці сапраўды мы былі незалежныя ўсе гэтыя гады. Мы ня ведаем зьместу ніводнай размовы Лукашэнкі з Пуціным за зачыненымі дзьвярыма цягам усіх гэтых гадоў. Мы ня ведаем, зараз на яго націснулі ці раней. Ёсьць у нас зараз поўная незалежнасьць ці квазінезалежнасьць — гэта ўсё не адмяняе барацьбы за тое, каб мы былі сувэрэннай незалежнай дзяржавай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Выбітныя пісьменьнікі заклікаюць расейскамоўных казаць расейцам праўду пра вайну ва ЎкраінеНапад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.