Зяленскі: Пры дапамозе Польшчы, Румыніі і Славаччыны ўдалося пазьбегнуць гуманітарнага крызісу на межах

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія войскі трымаюць свае пазыцыі і контратакуюць у пэўных кірунках.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў сумежным з Украінай дзяржавам за дапамогу і магчымасьць не дапусьціць на межах гуманітарнай катастрофы.

«Удалося арганізаваць працу так, каб тысячы ўкраінскіх жанчын і дзяцей атрымалі годнае стаўленьне. Ніхто не запытвае іх пра нацыянальнасьць і веру. У нас фактычна няма мяжы зь сяброўскай нам Польшчай», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў звароце да ўкраінцаў.

«Упэўнены, што мы хутка зможам сказаць нашым людзям: вяртайцеся!» — дадаў ён.

Украінскі прэзыдэнт таксама падзякаваў грамадзянам эўрапейскіх краін, якія выйшлі на антываенныя акцыі з патрабаваньнямі ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Расеі, а таксама закрыць палётную зону над Украінай.

«Мы бачылі апытаньне, думку звычайных людзей Амэрыкі, якія падтрымліваюць закрыцьцё неба ўжо цяпер, каб уратаваць жыцьцё нашых людзей. 74% амэрыканцаў за бесьпілётную зону! Абсалютная большасьць! Што яшчэ патрэбна для ўхваленьня такога рашэньня?» — дадаў ён.

Паводле яго, украінскія войскі трымаюць свае пазыцыі і контратакуюць у пэўных кірунках.

«Мы наносім акупантам такія страты, якіх яны ня бачылі і ў самым страшным сьне. Расейская армія ня выйшла на заплянаваныя рубяжы, але выйшла амаль на 10 тысяч забітых. Гэта страшна, гэта хлопцы 18-20 гадоў. Салдаты, якім нават не змаглі патлумачыць, за што яны ідуць ваяваць ва Ўкраіну», — падкрэсьліў Зяленскі.

Украінскі прэзыдэнт паведаміў, што ўкраінцы чыняць супраціў нават там, куды змаглі прайсьці расейскія войскі.

«Я захапляюся кожным украінцам і ўкраінкай, якія пратэстуюць, бяруць нацыянальны сьцяг і паказваюць расейцам, што яны прайграюць. Прайграюць абавязкова, бо немагчыма перамагчы людзей, якія бяз зброі ў руках спыняюць вайсковую тэхніку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Херсон — гэта Ўкраіна». На цэнтральную плошчу горада супраць акупацыі выйшлі мірныя жыхары. ВІДЭА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейцы абяцалі гуманітарны калідор для эвакуацыі жыхароў Марыюпалю і Валнавахі, але не далі. Дзясяты дзень вайны Расеі супраць Украіны