Пэрсанал закрытай Чарнобыльскай АЭС ужо 10 дзён у закладніках, ён ня можа гарантаваць бясьпеку

На ЧАЭС немагчыма памяняць зьмену, якая заступіла перад пачаткам вайны, людзям не хапае хлеба.

Мэр Славуціча Юры Фамічоў заявіў, што расейскія вайскоўцы, якія захапілі Чарнобыльскую АЭС, ужо 10 дзён трымаюць у закладніках пэрсанал, які выйшаў на зьмену 24 лютага.

У сваю чаргу выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара ЧАЭС Валерый Сейда адзначыў, што цяпер немагчыма арганізаваць ратацыю пэрсаналу.

«Мы ня можам гарантаваць бясьпеку, бо ўсе ж разумеюць, што маршрут праходзіць церазь лінію фронту», — дадаў ён.

Валерый Сейда сказаў, што пэрсанал забясьпечаны прадуктамі харчаваньня і мэдычнай дапамогай, але не хапае хлеба.

Пад кантролем расейскіх акупацыйных войскаў закрытая Чарнобыльская АЭС застаецца з 24 лютага. Расейскія войскі таксама захапілі пляцоўку Запароскай АЭС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Радыянукліды могуць даляцець да Менску», — фізык-ядзернік пра пагрозу выбуху на Запароскай АЭС

Чацвёрты рэактар Чарнобыльскай АЭС узарваўся ў красавіку 1986 году падчас няўдалага тэсту, у выніку чаго радыяактыўныя аблокі пранесьліся над большай часткай Эўропы і дасягнулі ўсходу ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі расказалі, што адбываецца на ЗАЭС і чаго хочуць вайскоўцы Расеі