Украінскія Валнаваха і Марыюпаль, якія трапілі ў аблогу расейскіх войскаў, атрымалі абяцаньне забясьпечыць гуманітарны калідор. Ад 9-й гадзіны абвешчаны рэжым цішыні. Пра гэта ТАСС паведамілі ў Міністэрстве абароны Расеі.
Мэр Марыюпалю Ўладзімір Бойчанка заявіў пра пачатак эвакуацыі насельніцтва з гораду:
«Гэта няпростае рашэньне, але, як я заўсёды казаў, Марыюпаль — гэта ня вуліцы і не будынкі. Марыюпаль — гэта ягоныя жыхары, мы з вамі. І наша галоўная задача абараняць людзей», — заявіў Уладзімір Бойчанка.
У Марыюпалі перанесьлі эвакуацыю, бо расейскія войскі працягваюць абстрэльваць горад
Марыюпальская гарадзкая рада паведаміла аб пераносе эвакуацыі, бо расейскі бок не выконвае абавязаньне спыніць абстрэлы.
«У сувязі з тым, што расейскі бок не выконвае рэжыму цішыні і працягвае абстрэльваць як Марыюпаль, гэтак і ягоныя ваколіцы, у мэтах бясьпекі эвакуацыя пераносіцца», — паведамілі гарадзкія ўлады.
Усіх жыхароў заклікалі накіравацца ў сховішчы.
Каардынацыйны цэнтар Данецкай абласной вайскова-цывільнай адміністрацыі паведаміў, што эвакуацыя пачнецца аб 11.00 гуманітарным калідорам Марыюпаль – Нікольскае – Розаўка – Палогі – Арэхаў – Запарожжа.
На Данецкім кірунку, у тым ліку на Марыюпаль, наступалі групоўкі войскаў РФ сіламі 1-га і 2-га армейскіх карпусоў, узмоцненыя сямю батальёнымі тактычнымі групамі 8-й арміі. Горад моцна абстраляны, пашкоджана і спалена мноства будынкаў. У абстрэлах гінулі мірныя жыхары, у тым ліку дзеці.
У Валнавасе, як паведамлялі ў МУС Украіны, паўстала крытычная сытуацыя з харчаваньнем, жыхары засталіся безь сьвятла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
6-гадовая дзяўчынка загінула падчас расейскіх абстрэлаў. ВідэаУкраінскія ўлады плянуюць эвакуаваць больш як 200 тысяч грамадзян двума гуманітарнымі калідорамі
Віцэ-прэм’ер-міністар у пытаньнях часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Верашчук заявіла, што прымусіць Расею забясьпечыць першыя два гуманітарныя калідоры дапамагла міжнародная арганізацыя Чырвонага Крыжа.
«Мы ўзгаднілі пры пасярэдніцтве камітэту Чырвонага Крыжа маршруты, якімі будуць рухацца калёны, як будуць завозіць гуманітарныя грузы, і атрымалі пацьвярджэньне ад расейскага боку», — заявіла Ірына Верашчук.
Паводле яе, ідзецца пра адзін калідор для Марыюпалю і адзін для Валнавахі.
Ірына Верашчук удакладніла, што з Марыюпалю плянуюць вывезьці каля 200 тысяч грамадзян, а з Валнавахі — больш як 15 тысяч.
«Чырвоны Крыж забясьпечвае гарантыю рэжыму прыпыненьня агню. Чырвоны Крыж будзе прысутнічаць і ачольваць калёны, якія будуць рухацца вызначанымі маршрутамі», — падкрэсьліла Ірына Верашчук.
У той жа час, паводле яе, украінскія вайскоўцы паведамляюць, што ў раёнах заяўленых маршрутаў расейскія войскі выкарыстоўваюць рэжым цішыні і прасоўваюцца наперад. «Я хачу зьвярнуцца да расейскай улады. Мы дамовіліся пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа, на падставе міжнародных канвэнцыяў, што будзе выконвацца рэжым цішыні. Там ня можа быць ніякага прасоўваньня расейскіх войскаў. І я зьвяртаюся да расейскай улады з патрабаваньнем спыніць прасоўваньне сваіх войскаў», — заявіла ўкраінская віцэ-прэм’ерка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
МУС Украіны: На ўсходзе краіны без электрычнасьці і харчаваньня засталіся амаль 40 тысяч чалавекНапад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.